Старыя шрамы і новыя раны


У Варшаве адбылася сусветная прэмʼера кінастужкі «Калі гэты вецер сціхне», якая паўстала з удзелам «Белсату». Адразу пасля прэм’еры фільм паказаў наш тэлеканал.

Фільм польскай рэжысёркі Аньелі Астрыд Ґабрыель (Aniela Astrid Gabryel) распавядае пра самадэпартацыю ды разбураныя расейскай анексіяй Крыму семʼі крымскіх татараў. Паказ адбыўся ў Палацу культуры і навукі (раней будынак называўся «Палац культуры і навукі І.В. Сталіна») у межах 13-га кінафестывалю «Millennium Docs Against Gravity».

Польска-украінская здымачная група чатыры разы ездзіла на захопленую Масквой паўвыспу.

«Мы здымалі нелегальна, а тэхніку ў Крым нам дапамаглі даставіць крымскататарскія актывісты, да якіх звярнуўся Мустафа Джэмілеў [дзяяч крымскататарскага нацыянальнага руху, колішні прадстаўнік Меджлісу крымскататарскага народу, савецкі праваабаронца, дысідэнт]», – распавяла рэжысёрка (на фота).

Перад паказам кінастужкі да гледачоў звярнуўся Мустафа Джэмілеў (аўтары стужкі запісалі адмысловае відэа), які нагадаў прысутным пра дэпартацыю крымскіх татараў.

Слёзы, боль раставання з роднымі і шчымлівыя гісторыі тых, хто перажыў сталінскую дэпартацыю ў 1944 годзе. У гэтым фільме шмат прыватнага. Такое не распавядаюць на камеру. «Мы баяліся, што фільм можа нашкодзіць нашым героям. Шмат хто з крымскіх татараў сёння зазнае ціск і рэпрэсіі», – адзначыла рэжысёрка пасля прэмʼернага паказу.

Самадэпартацыя – гэта хіба самае трапнае слова, якое можа апісаць тое, што перажываюць героі кінастужкі. «Мы марылі вярнуцца на родную зямлю. Нельга адсюль зʼяжджаць», – кажа адзін з герояў дакументальнага фільму, які на ўласныя вочы ўбачыў жах дэпартацыі. Але жыць у страху могуць не ўсе. Маладыя людзі едуць ва Украіну, а іх бацькі застаюцца ў Крыме, бо «не хочуць аддаваць Пуціну свае дамы».

Глядзіце таксама >>> «У кожнай крымска-татарскай сямʼі з дзіцінства гаварылі пра трагедыю народу»

Пасля анексіі Крыму Расеяй шмат хто з крымскіх татараў уцёк з акупаванай тэрыторыі, паколькі яны былі супраць новай улады. Гэты народ ужо мусіў развітацца са сваёй Радзімай – у 1944 годзе, калі паводле загаду Сталіна 250 тысяч крымскіх татараў масава дэпартавалі ў саюзныя рэспублікі Сярэдняй Азіі. Напрыканцы 1980-х, калі развальваўся СССР, яны пачалі вяртацца ў Крым. У 2014-м іх зноў чакалі ўцёкі.

Глядзіце таксама >>> Наўздагон «Еўрабачанню»: не прапусціце крымскія дні на «Белсаце»

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары