«Смуродны» праект: на Талачыншчыне каля возера будуюць гіганцкі свінакомплекс

video

Гэтае маляўнічае возера, як ні дзіўна, ёсць сведчаннем заняпаду заможнага жыцця ў пасёлку Усвіж-Бук на Талачыншчыне.

Некалі тут кіпела торфаздабыча, пасля балоты пакрысе ператварыліся ў возера. Але, нягледзячы на заняпад прамысловасці, гэткаму прыроднаму набыццю мясцовыя жыхары вельмі цешацца.

ВІКТАР, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР

«Сюды адпачываць прыязджаюць не толькі Талачынскі раён, тут і Круглае, і Магілёў, тут і Ворша. База адпачынку можна сказаць».

Ці, як іх яшчэ называюць, «Талачынскія разлівы» – з унікальнай экасістэмай, разнастайнай флорай і фаўнай. Але ўлюбёнае месца тутэйшых і гасцей аказалася пад пагрозаю: супольная беларуска-дацкае прадпрыемства «Белдан» будуе тут гіганцкі свінакомплекс на 50 тысяч галоваў. Жыхары небагатага рэгіёну, з іхных уласных словаў, нават і не супраць зʼяўлення прыбытковага прадпрыемства.

СЯРГЕЙ ПЛЯСКАЧ, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:

«Усе за тое, каб гэты абʼект безумоўна ў Талачынскім раёне быў. Абурае толькі месца, дзе вырашылі яго пабудаваць».

А гэта акурат ля возера ды яшчэ на ўзгорку. І хоць кампанія запэўнівае ў экалагічнасці будучага прадпрыемства, жыхары мяркуюць, што гэтая справа літаральна «кепска пахне».

СЯРГЕЙ ПЛЯСКАЧ, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:

«Меліяратыўныя каналы, якія ўпадаюць у возера падыходзяць пад самыя муры гэтай фермы. Таму якія б там збудаванні не будаваліся, усё роўна бруд будзе трапляць у возера».

Пахваліцца тэхналагічнымі навінкамі ачышчальных збудаванняў і супакоіць насельнікаў Усвіж-Буку кіраўніцтва «Белдану», на жаль, не захацела.

АНТОН ГАВАРКО, ДЫРЭКТАР «БЕЛДАНУ»:

«Ведаеце, я зараз не гатовы размаўляць на гэтую тэму».

Жыхары ж чакаюць уцямнай справаздачы: чаму менавіта гэтае месца выбралі пад будаўніцтва і ці не нашкодзіць свінакомплекс прыродзе.

ЯЎГЕН, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:

«Нас інфармуюць, што мы бекон будзем есці скора і ўсё, а вось, што туды нешта можа паплыць».

А вось у Талачынскім выканкаме запэўніваюць, што хвалявацца наконт экалогіі няма падставы, а калі і трэба было гэта рабіць – то, маўляў, на грамадскіх слуханнях увосень.

МІКАЛАЙ САЛТАНАЎ, УПРАЎЛЕННЕ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ ТАЛАЧЫНСКАГА РАЙВЫКАНКАМУ:

«Нікога не было, ніхто не выявіў жадання ўзяць удзел. З боку экалогіі ніякіх пытанняў, там будуць нейкія сістэмы закрытага тыпу, нічога ніякаму возеру не пагражае».

Гэта не першы праект беларуска-дацкай кампаніі «Белдан»: падобны свінакомплекс працуе ў Ляхавіцкім раёне, ідзе будаўніцтва чарговага ў Слонімскім. Ляхавіцкае прадпрыемства – адно з лідараў у галіне, перадавыя тэхналогіі інвестыцыйнага праекту нахвальваў і Лукашэнка.

Жыхары задумваюцца, ці не дзякуючы гэтаму ўсе экалагічныя экспертызы кампанія прайшла з такой лёгкасцю.

ЯЎГЕН, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:

«Якая там была экспертыза? І што зрабілі, каб наш гэты вадаём быў чыстым?»

Між тым комплекс амаль пабудаваны, і чакаць выбуху незадаволенасці ў паселішчы і нейкіх зменаў праекту не варта. Маўляў, хоць ля самых дамоў будуй гэтую ферму – будзе ціха.

«Настолькі людзі прызвычаіліся, што з імі ніхто не лічыцца».

Таццяна Рэут, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары