Следчы камітэт раскрыў падрабязнасці дамоўных матчаў у беларускім футболе


Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова распавяла, як арганізоўваўся дамоўны матч.

Падрабязнасці таго, пры якіх умовах адбывалася арганізацыя гульні з сумнеўным вынікам, прагучалі ў эфіры «Альфа радыё».

«Замежнік і наш, назавем яго так, трэнер дамаўляюцца пра тое, якім павінен быць вынік канкрэтнага матчу. Як правіла, з улікам аналізу справы, гэтым вынікам павінная стаць параза падкантрольнай каманды або ў гульні, або ў тайме з пэўнай розніцай мячоў. Таму што, лагічна, што прайграць, вядома, лягчэй, чым перамагчы. Дасягнуўшы гэтай дамоўленасці, іншаземец перадае незаконнае грашовае ўзнагароджанне трэнеру альбо іншаму функцыянеру, частку якога апошні размяркоўвае сярод футбалістаў, якія могуць забяспечыць замоўлены вынік», – адзначыла Юлія Ганчарова.

Пасля ў дзень матчу зацікаўленыя асобы звязваліся праз інтэрнэт, рабілі грашовую стаўку ў міжнароднай букмекерскай канторы, у якой атрымлівалі выйгрыш пасля дасягнення патрэбнага выніку.

Упершыню факт атрымання ўзнагароды за аказанне незаконнага ўплыву на вынік прафесійнага футбольнага матчу ў нашай краіне быў усталяваны ў красавіку мінулага года. Пасля пачалі праводзіцца праверкі, якія паказалі, што існуе цэлая сістэма подкупаў у беларускім футболе, заявіла прадстаўнік Следчага камітэту.

«У сувязі з гэтым пачалася маштабная праца і былі выяўлены ўсе астатнія факты. Усё гэта ажыццяўлялася ва ўзаемадзеянні з кіраўніцтвам Беларускай федэрацыі футбола. У матэрыялах крымінальнай справы зафіксаваныя і відэазапісы, і фотаздымкі, у тым ліку з саміх фактаў перадачы грашовых сродкаў», – заявіла Юлія Ганчарова.

Відэазапісы матчаў, наконт якіх узніклі сумневы, праглядаліся і старанна вывучаліся. Каб даказаць факт злачынства, следчыя дапытвалі прафесійных трэнераў, якія прызналі, што адзін з падазраваных футбалістаў гуляў значна ніжэй сваіх магчымасцяў.

Акрамя аналізу відэа з матчаў, следчыя аналізавалі дадзеныя мабільных аператараў. Стала ясна, што ў адзін і той жа час, у адным і тым жа месцы пасля названага матчу знаходзіліся футбаліст і асоба, якая перадала грошы за патрэбны вынік.

«Акрамя таго, следчыя збіралі мноства іншых доказаў. У тым ліку, дыялогі ўдзельнікаў справы, перапіскі спартоўцаў. Вывучана тое, як здзяйснялі ўцягванне спартоўца. Вядома, былі і факты процідзеяння следству, бо гэта крымінальныя справы, якія цяжка даказаць», – заўважыла Юлія Ганчарова.

НМ, belsat.eu, паводле «СБ. Беларусь сегодня»

Стужка навінаў