Следчы камітэт хоча купіць «патрашыльнік» смартфонаў


Фота tut.by

Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь абвясціў тэндар на закупку прылады, якая забяспечыла б доступ да выдаленай і заблакаванай інфармацыі на смартфонах. Абʼява пра закупку зʼявілася на афіцыйнай пляцоўцы для дзяржзакупак Icetrade.by.

Паводле заяўкі, Следчы камітэт гатовы купіць «апаратна-праграмны комплекс капіявання інфармацыі з мабільных прылад і іншых лічбавых прылад сувязі». Цана ў анонсе не паказаная, у якасці крыніцы фінансавання значыцца рэспубліканскі бюджэт.

Комплекс павінен даваць доступ да ўтоеных і выдаленых дадзеных на мабільных гаджэтах, а таксама дапамагаць у вызначэнні карыстальніцкіх кодаў доступу і блакавання. Сярод задач пералічаныя здабыванне змесціва памяці, выманне структуры файлавай сістэмы і фізічнае (пабітавае) выманне інфармацыі з модуляў унутранай памяці.

Гэта дазволіць атрымліваць доступ да змесціва тэлефоннай кнігі, SMS і MMS-паведамленняў, журналаў званкоў, фота, відэа, аўдыёзапісаў і галасавых нататак, а таксама дадзеных з SIM-картаў прыладаў, якія іх зацікавілі.

Вынятую інфармацыю комплекс павінен захоўваць у якасці справаздачы.

Комплексу неабходная сумяшчальнасць з усімі папулярнымі мабільнымі аперацыйнымі сістэмамі – iOS, Android, Windows Mobile і іншымі (усяго не менш як 17 135 мадэляў прылад). Таксама ён павінен мець інтэрфейс і парады для карыстальніка на расейскай мове і пастаўляцца ў камплекце з «адаптарам кітайскіх тэлефонаў для аўтаномнага капіявання (здыму) інфармацыі».

Зʼяўленне анонсу тэндару не значыць, што Следчы камітэт такі комплекс купіць. Варта адзначыць, што набыць комплекс з настолькі шырокім спісам функцый вельмі складана.

Некаторыя пералічаныя задачы – узлом карыстальніцкага кода блакавання, выгрузка ўсіх файлаў – ляжаць у вобласці «хакерства». За выяўленне слабых месцаў, якія дазваляюць гэта зрабіць, самі вытворцы гаджэтаў гатовыя плаціць вялікія грошы. Акрамя таго, не існуе ўніверсальнага прадукту, які «адчыняў» бы ўсе мабільныя платформы праз прынцыповыя адрозненні ў іх будове.

Падобная праблема выявілася ў нядаўнім канфлікце паміж кампаніяй «Apple» і амерыканскім ФБР. Следчыя, якія займаліся справай стралка з Сан-Бэрнардына, не змаглі атрымаць доступ да iPhone 5c злачынца. Яны звярнуліся па дапамогу да вытворцы гаджэта, аднак атрымалі адмову. Прадстаўнікі «Apple» сцвярджаюць, што кампанія сама пазбавіла сябе магчымасці абысці блакаванне яе мабільных прылад. У падтрыманне кампаніі выказаліся прадстаўнікі Google (вытворца АС Android), «Facebook» і «Twitter».

МЯ, паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары