Украіна, аднак, сцвярджае, што расследаванне забойства беларускага журналіста прасоўваецца наперад.
Паводле словаў першага намесніка кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Украіны Вадзіма Траяна, у расследаванні справы аб забойстве журналіста Паўла Шарамета ёсць «адназначны прагрэс».
«Мы капаем не толькі адносна аднаго таго дня [забойства], а на працягу шмат дзён, і ў нас паўстае мноства дадатковай інфармацыі. Калі мы зразумеем, што ў нас тупік, мы пра гэта аб’явім. Але пакуль у нас ёсць прагрэс, мы нічога не будзем казаць, таму што гэта можа нашкодзіць следству», – завіў ён у інтэрв’ю «Укрінформ».
Кажучы пра складанасць гэтага злачынства, ён сказаў, што цяжэй за ўсё зразумець яго матыў.
«Самае складанае зразумець матыў забойства, – кажа Траян. – Калі не ведаеш, які матыў, не ведаеш куды «капаць», атрымліваецца занадта шмат версіяў, і кожную трэба адпрацаваць».
Траян дадаў, што следства вядуць чатыры групы.
«Ёсць асноўная група, якая ведае ўсе нюансы, і ёсць групы, якія працуюць па вузкіх накірунках. Адна група працуе з выбухоўкай, другая – па сведкам, трэцяя – па відэа, а чацвёртая як раз па распрацоўках. Асноўная група займаецца апытаннем сведкаў», – паведаміў ён.
Намеснік кіраўніка Нацпаліцыі адзначыў, што сведкаў у гэтай справе становіцца ўсё больш.
ДД, belsat.eu