Скандал у ЕГУ набірае абароты. Студэнцкае прадстаўніцтва супраць амерыканскага рэктара


Кіроўная рада ЕГУ не паспела вызначыцца з найлепшаю кандыдатураю на пасаду рэктара і адклала рашэнне да пачатку красавіка. На парозе вырашэння прэзідэнт студэнцкага прадстаўніцтва Дзяніс Кучынскі тлумачыць, чаму Гары Дэйвід Полік, на якога ставіць частка адміністрацыі, не мусіць ачоліць ЕГУ, а таксама прапануе выйсце з патавай выбарнай сітуацыі. Зварот студэнта да Кіроўнай рады мы публікуем са скарачэннямі.

«Паводле лацінскай этымалогіі, «унівэрсітэт» (universitas scholarum) – гэта «супольнасць навучэнцаў». Універсітэт – гэта не проста бізнес, выкладнікі – не проста працаўнікі, а мы, студэнты, не проста спажыўцы. Асабліва наш універсітэт, ЕГУ. Ён быў заснаваны не як камерцыйны праект, а як нешта больш значнае.

Магчыма, хтосьці скажа: «ЕГУ – прыватны ўніверсітэт, і кіраўніцтва можа рабіць усё, што захоча». Але згодна са Статутам, ЕГУ – гэта «public institution» («грамадская ўстанова»). Ён не існуе дзеля таго, каб узбагачаць сваё кіраўніцтва.

Мы шукаем новага рэктара з мінулай восені. Адзін з кандыдатаў, намінаваны нашым пашуковым камітэтам, – гэта былы прэзідэнт шэрагу амерыканскіх унівэрсітэтаў і дзейсны выканаўца абавязкаў рэктара ЕГУ прафесар Гары Дэйвід Полік (Garry David Pollick). Калі ён прыехаў у Вільню, ён быў прадстаўлены як эксперт, які часова будзе дарадцам адміністрацыі па праблемах мэнэджмэнту. Нам было сказана, што ён будзе працаваць два гады і што ён мае каштоўны амерыканскі досвед.

Таму, калі мы даведаліся, што ён будзе атрымліваць заробак у дзесяць разоў вышэйшы за заробак нашых выкладнікаў, гэта было складана прыняць, але мы згадзіліся.

Заробак за абяцанні

Аднак хтосьці не быў з намі сумленным. Пасля некалькіх месяцаў працы прафесар Полік абвесціў, што ён плануе зрабіцца наступным рэктарам ЕГУ. І ён хацеў атрымліваць за гэта такі ж самы заробак (каля $150.000 на год – belsat.eu).

Першыя паўгода працы ад яго чакалася выкананне канкрэтных задачаў: кіраванне працэсам найму выкладнікаў, вызначэнне праблемаў у кіраванні і распрацоўка плану збалансаванага бюджэту.

Вынікі не былі вельмі пазітыўнымі. Працэс наймання выкладнікаў пераўтварыўся ў скандал, бо многія былі ацэненыя хутчэй не паводле сваіх прафесійных здольнасцяў, а паводле лаяльнасці. Прафесар Полік паспеў сапсаваць адносіны з важнымі мэнэджарамі, такімі як фінансавы дырэктар ЕГУ і мэнэджар траст-фонду. Цягам болей чым года ён гаворыць пра «бізнэс-план», які нам патрэбны, але не прапануе яго.

Але пашуковы камітэт нашай Кіроўнай рады намінаваў прафэсара Поліка на пасаду наступнага рэктара. Калі я летась спытаў прафесара Поліка, ці будзе ён балатавацца на пасаду рэктара, ён адказаў, што не ведае. Таксама ён сказаў, што ўжо тройчы быў рэктарам да гэтага, таму ЕГУ для яго не болей, чым прапанова працы. «Я буду тут толькі калі я буду вам патрэбны». Таксама я спытаў сп. Поліка датычна ягонага плану па развязванні фінансавай праблемы. Ягоны адказ быў такі: «Мы паспрабуем атрымаць болей грошай ад нашых донараў».

Я паважаю прафэсара Поліка як цікавага, разумнага чалавека, ягоная любоў да архітэктуры вельмі мне імпануе. Аднак ён не мае плану. Кожны можа сказаць «мы папросім донараў». Ці гэта адказ высокаўзроўневага крызіснага мэнэджара?

Таксама сп. Полік не лічыць, што студэнты і выкладнікі павінны браць удзел у кіраўніцтве. Для яго выкладнікі – гэта толькі службоўцы, а студэнты – атрымальнікі адукацыйных паслугаў. Гэта зусім не падобна на «universitas scholarum», якім наш універсітэт закліканы быць.

Калі Г.Д. Полік становіцца рэктарам, мяркую, мы будзем мець «EHU Incorporated» у амерыканскім стылі, дзе мы плацім грошы, наведваем заняткі, мусім быць задаволенымі гэтым і не задаваць аніякіх пытанняў. Але ці гэта ёсць ідэалам для ЕГУ? Ці дзеля гэтага нашыя донары забяспечваюць 2/3 бюджэту кожны год? Ці мы павінны толькі слухаць пра дэмакратыю і свабоду, не практыкуючы іх?

Нацыянальныя памкненні – фашысцкія

У лістападзе мы даведаліся пра план зменаў сістэмы аплаты і стыпендый, паводле якога павялічвалася частка студэнтаў, якія меліся б плаціць больш за навучанне. Гэты план быў зацверджаны без аніякага звароту да меркавання студэнтаў, а 87% з іх сказалі «не» гэтай прапанове.

Прафесар Полік мае таксама камунікатыўную праблему. Ён не размаўляе ні па-расейску, ні па-беларуску, ні па-летувіску, і яму таксама вельмі бракуе разумення беларускага кантэксту, што бачна амаль з кожнага ягонага інтэрв’ю. Ён паказаў гэта, напрыклад, у інтэрв’ю студэнцкай газеце EHU Times, называючы некаторыя памкненні беларусаў «фашысцкімі». А называць абранага прэзідэнта супольнасці выпускнікоў “ідыётам» перад камерай?

Студэнты ўсё яшчэ не маюць права голасу ў выбарах рэктара. У пошукавым камітэце таксама не прадстаўлены выкладнікі, у ім няма аніводнага грамадзяніна Беларусі.

Нядаўна мы атрымалі акрэдытацыйны агляд ад літоўскага цэнтра акадэмічнай якасці. У ім сказана, што мы маем велізарныя хібы ў сферы стратэгічнага мэнэджмэнту.

Наколькі я магу ведаць, прафэсар Полік цяпер працуе над новым планам. Але я баюся, што для яго гэтага ўжо занадта позна, бо ён згубіў наш давер. Гары Дэйвід Полік расчараваў нас.

Ці маем мы альтэрнатыву?

Згодна з вынікамі галасавання студэнтаў і выкладнікаў, найлепшы кандыдат – прафесар ЕГУ Таццяна Шчытцова.

Я чытаў планы дзеяння ўсіх кандыдатаў на пост рэктара і магу сказаць, што план дзеяння сп. Шчытцовай дэманструе разуменне праблемаў універсітэта і прапануе іх рашэнні. Пагатоў, мы ўпэўненыя, што Таццяна будзе супрацоўнічаць з усімі ўдзельнікамі праекта, уключна са студэнтамі, акадэмічнымі супрацоўнікамі і адміністрацыяй, да чаго нас і заклікае Еўракамісія. Спадарыня Шчыццова зможа пераадолець падзел паміж адміністрацыяй і выкладнікамі, які ёсць вельмі шкодным для ЕГУ. На жаль, прафесар Полік не здолеў зрабіць гэтага.

Я прапаную ўдзельнікам Кіроўнай рады некалькі варыянтаў, якія дапамогуць нашаму ўніверсітэту дасягнуць найлепшага:

а) Прызначыць Таццяну Шчытцову рэктарам на пяць гадоў. Мы ўсе дапаможам ёй выправіць крызісную сітуацыю ў ЭГУ. Нашая супольнасць верыць у яе, яна шчыра адданая місіі ЕГУ.

b) Прызначыць Тацьцяну Шчытцову рэктарам з умоваю працы на працягу аднаго-двух гадоў, і за гэты час спланаваць новы, празрысты працэс выбараў з рэальным удзелам студэнтаў, выкладнікаў і беларускай грамадзянскай супольнасці.

с) Калі гэта немагчыма, наш другі і трэці прыярытэтны выбар на пасаду рэктара – гэта Аляксандр Мілінкевіч і Дарус Удрыс, якія прадэманстравалі свае лідарскія і камунікатыўныя здольнасці, маюць неабходны досвед.

Я хачу падкрэсліць адну важную рэч. Я не маю ніякага асабістага інтарэсу ў гэтай сітуацыі, акрамя майго хвалявання пра будучыню нашай альма-матэр і Беларусі, у свабоду якой я веру. Я не жадаю дадаць негатыўнага іміджу майму ўніверсітэту. Я проста мяркую, што мы не можам згубіць гэты ўнікальны праект праз нечыя персанальныя жаданні, бо мы, беларусы, не маем іншага.

З вялікай павагаю,

Прэзідэнт Студэнцкага прадстаўніцтва

Дзяніс Кучынскі”

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, які ў 2005 годзе пераехаў з Менску ў Вільню, цяпер адбываюцца выбары рэктара ўстановы. Адбор ладзіць конкурсная камісія – замежныя эксперты з Кіроўнай рады ЕГУ. За хадою выбараў з кастрычніка пільна сочыць грамадскасць. Як прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, гэтак і акадэмічнай супольнасці выказвалі незадаволенасць закрытасцю працэсу адбору.

Дзеля захавання раўнавагі меркаванняў, «Белсат» гатовы прадставіць іншым бакам канфлікту магчымасць для публікацыі адказу на студэнцкі зварот.

НЯ, belsat.eu

Стужка навінаў