Сірыйскія войскі выкарыстоўваюць ноу-хау Асада – «бочкавыя бомбы»


ЗША ды краіны Захаду зменшылі ціск на Аль-Асада ды ў пэўным сэнсе дапамагаюць яму змагацца з «Ісламскаю дзяржаваю». Сірыйскі дыктатар тым часам з падвоеным імпэтам знішчае апазіцыю.

«Бочкавыя бомбы»: як забіваць малым коштам

Стандартная авіяцыйная бомба, якія мае на ўзбраенні сірыйскае войска, каштуе каля $ 1 тыс. Аднак за 4 гады вайны супраць паўстанцаў падначаленыя Асада прыдумалі ўласнае ноу-хау, так званую «Barrel bomb», або «бочкавую бомбу». Па-сутнасці, гэта і ёсць бочка ад нафтапрадуктаў, у якую заліваюць выбуховую сумесь ды насыпаюць шрапнель, кавалкі жалеза, якія пры дэтанацыі служаць паражаючым элементам. Выраб такой бомбы не перавышае $ 300.

Але найгоршае ў гэтым «ноу-хау» тое, што такія бомбы немагчыма скідваць прыцэльна. І хоць мішэнню сапраўды можа быць вайсковы аб’ект паўстанцаў, бомба падае па непрадказальнай траекторыі, бо зазвычай не мае стабілізатараў. Праўрадавыя войскі бамбяць паселішчы і раёны гарадоў, якія знаходзяцца пад кантролем апазіцыі. У выніку масава гінуць цывільныя. Гэткім чынам Асад выкарыстоўвае «бочкавыя бомбы» не столькі дзеля знішчэння праціўніка, колькі дзеля застрашэння, у тым ліку, цывільных.

20 студзеня сірыйскія паўстанцы распаўсюдзілі відэа з наступствамі такіх бамбаванняў у гарадах Халеб ды Сараквэб.

Асаду развязалі рукі

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Ад пачатку выступленняў апазіцыі ды грамадзянскай вайны ў Сірыі загінулі не менш як 200 тысячаў асобаў, пераважана – цывільнае насельніцтва. У 2014 годзе ААН заявіла аб спыненні маніторынгу колькасці загінулых: спраўджваць інфармацыю сталася папросту немагчыма. Падчас канфлікту Асад выкарыстоўваў супраць сваіх праціўнікаў хімічную зброю, аднак пагроза ЗША ўмяшацца, спыніла дыктатара.

Сёння на тэрыторыі Сірыі дзейнічае тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава», якая абвесціла сваім ворагам не толькі ўвесь Заходні свет, але і Башара Аль-Асада.

У жніўні 2014 года ЗША распачалі вайсковую кампанію супраць «Ісламскай дзяржавы» ды склікала кааліцыю дзеля сумеснага супрацьдзеяння баевікам. Рэгулярныя авіяналёты ў пэўным сэнсе сталі дапамогаю для Асада, які ізноў можа больш сілаў кінуць на здушэнне сірыйскай апазіцыі.

Сірыйскі дыктатар – не хаўруснік для ЗША

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Хоць і ЗША, і ўрад Сірыі маюць аднаго ворага, гэта не робіць іх хаўруснікамі. Злучаныя штаты маюць намер і надалей падтрымліваць сірыйскую апазіцыю, прынамсі, яе «ліберальную» частку.

У сярэдзіне студзеня Пентагон заявіў аб намеры распачаць трэнінгі для сірыйскіх паўстанцаў.

«Гэта будуць некалькі сотняў амерыканскіх жаўнераў, якія адправяцца туды з інструктарскай місіяй. Група будзе гатовая цягам 5-6 тыдняў», – заявіў адмірал ваенна-марскіх сілаў ЗША Джон Кірбі. У Вашынгтоне разлічваюць, што паўстанцы, якіх будуць трэнаваць інструктары ЗША, будуць дапамагаць у аперацыі супраць «Ісламскай дзяржавы».

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў