Сірыйскі сцэнар для Венесуэлы. Лукашэнка не будзе плакаць па Мадуру

video

Прэзідэнт Венесуэлы на некалькі дзён пакінуў ахопленую крызісам краіну. Нікаляс Мадура наведаў Маскву і Менск, дзе заручыўся падтрыманнем з боку Пуціна і Лукашэнкі. І калі ў беларуска-венесуэльскіх адносінах эксперты не бачаць шмат перспектываў, то на перамовы Пуціна і Мадуры многія глядзяць з непакоем. Што зробіць Пуцін, калі ў Венесуэле пачнецца грамадзянская вайна?

Лік ахвяраў супрацьстаяння венесуэльскага ўраду і апазіцыі ў ліпені перавысіў 100 чалавек. У Венесуэле працягваецца маштабны эканамічны і палітычны крызіс. Людзі штурмуюць пустыя крамы ў пошуках ежы і лекаў, а на аўтазапраўках выстройваюцца чэргі па бензін. Усё гэта ў краіне, якая валодае найбольшымі запасамі нафты на свеце. Хто ў такой сітуацыі працягне руку дапамогі?

«Мы бачым, што Венесуэла перажывае няпростыя часы. Але складваецца ўражанне, што вам удалося наладзіць нейкі кантакт з тымі палітычнымі сіламі, якія вам супрацьстаяць», – заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Пасля завяршэння перамоваў ніводзін з бакоў не пракаментаваў іх зместу. Але эксперты не маюць сумневу, што вялося перадусім пра фінансавае падтрыманне.

Нафтавыя інтарэсы Крамля

Сума пазыкаў з боку Масквы за апошняе дзесяцігоддзе склала больш не менш за 17 мільярдаў долараў. Частка дапамогі ідзе праз «Роснефть». Паводле неафіцыйных крыніцаў, галоўная энергетычная дзяржаўная кампанія Венесуэлы тайна прапанавала расейскай карпарацыі ўдзел у 9-ці буйных нафтавых праектах.

Былы карэспандэнт «Gazety Wyborczej» у Маскве Вацлаў Радзівіновіч зазначае, што вялікую ролю адыгрывае Ігар Сечын. «Ён, уласна, ёсць такім чалавекам Крамля ад Венесуэлы. Ён з’яўляецца шэфам кампаніі «Роснефть» і хоча там рабіць вялікія нафтавыя інтарэсы. Пагатоў, самыя вялікія нафтавыя запасы на свеце – хоць гэта кепская, цяжкая нафта – мае менавіта Венесуэла», – кажа Радзівіновіч.

У гэтым краіна мае шмат супольнага з Сірыяй. Доступ да запасаў нафты і газу эксперты называюць адною з галоўных матываў умяшання Масквы ў сірыйскі канфлікт. Блізкія па духу для Пуціна і ўласна кіраўнікі Сірыі і Венесуэлы. Апроч доступу да рэсурсаў, абодва знаходзяцца пад санкцыямі ЗША, абодва маюць на руках кроў сваіх апанентаў і набываюць зброю ў Расеі. Пытанне, ці пойдзе Пуцін таксама далёка ў падтрыманні рэжыму Мадуры?

«Палітыка Мадуры зараз у вялікай ступені залежыць ад тых патрабаванняў і парадаў, якія гучаць з Масквы ў ягоны адрас. Так што наконт вайсковай падтрымкі, Расея, безумоўна, можа яе аказаць», – падкрэсліў Яўген Красулін, эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях.

Тым больш што Масква ўжо з’яўляецца адным з галоўных ваенных партнёраў Каракасу, а з 2006-га года і асноўным экспарцёрам вайсковай тэхнікі. У выпадку, калі ў Венесуэле распачнецца сапраўдная грамадзянская вайна, эксперты дапускаюць, што Пуцін не застанецца ў баку.

Вацлаў Радзівіновіч не выключае «данбаскі варыянт»: «Могуць паслаць добраахвотнікаў, казакоў з лёгкай зброяй. У Расеі б знайшліся людзі з рэвалюцыйнай інтэрнацыялістычнай настальгіяй, які б пайшлі там ваяваць. Але мне падаецца, што гэта ўсё».

Дакладна вядома адно: Масква дакладна пралічвае свае шанцы, калі робіць стаўку на Мадуру. Паколькі рэсурсы самой Расеі таксама на сыходзе.

«Адзінае, на што можна спадзявацца Венесуэле і Расеі – гэта рост коштаў на нафту, – упэўнены Яўген Красулін. – Іначай гэта ўсё будзе толькі вычэрпваць рэсурсы. І не дасць ніякага прыбытку наўзамен. Таму асноўнае пытанне гэта час».

А час не грае на руку венесуэльскаму прэзідэнту. Адразу з Масквы ён паляцеў да яшчэ аднаго вялікага сябра Венесуэлы – Аляксандра Лукашэнкі.

Вось толькі ў адрозненні ад Пуціна, падтрыманне Лукашэнкі скончыцца на словах, перакананыя эксперты. Пасля няўдалых спробаў транспартаваць венесуэльскую нафту, афіцыйны Менск страціў інтарэс у эканамічнай супрацы з Каракасам.

«Наадварот пасля Крыму беларускае кіраўніцтва стараецца масты наладзіць з Захадам. Беларускі кіраўнік ён вельмі рацыянальны пры ўсёй сваёй эмацыйнасці. Таму калі ляснецца Мадура, то ён надта плакаць ня будзе», – каментуе беларускі палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Як не плакаў па Садаму Хусейну, Муамару Кадафі і Курманбеку Бакіеву. Зрэшты апошняму Лукашэнка даў палітычны прытулак у Беларусі. Толькі на гэта, бадай, і можа разлічваць Нікаляс Мадура. Калі Пуцін у гадзіну «ікс» не працягне яму руку дапамогі.

Глядзіце ў праграме «ПраСвет»: Рэспубліка супраць Каралеўства. Ці Каталуння можа выйсці з Іспаніі?

Вольга Жарнасек, «ПраСвет», belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары