Што такое «Маларосія» – трызненне «прэзідэнта ДНР» ці пагроза з Крамлю?


Аляксандр Захарчанка, які фармальна ўзначальвае непрызнаную «Данецкую народную рэспубліку», заявіў сёння пра стварэнне «Маларосіі» – новага дзяржаўнага ўтварэння на тэрыторыі Украіны.

«Мы лічым, што дзяржава Украіна ў тым выглядзе, у якім яна была, не падлягае аднаўленню. Мы, прадстаўнікі рэгіёнаў былой Украіны, за выключэннем Крыму, заяўляем пра стварэнне новай дзяржавы, якая зʼяўляецца пераемніцай Украіны. Мы згодныя ў тым, што новая дзяржава будзе называцца Маларосія, таму што сам назоў Украіна дыскрэдытаваў сябе», – цытуюць расейскія СМІ словы Захарчанкі.

Сталіцай «Маларосіі» мае стаць Данецк, дадаў «прэзідэнт ДНР», які цалкам залежыць ад паставак паліва, прадуктаў, боепрыпасаў, баявой тэхнікі і кадраў з Расеі.

Захарчанка працягнуў мроі аб будучай новай дзяржаве, распавёўшы, які ў яе будзе сцяг, што першыя тры гады ў ёй будзе дзейнічаць надзвычайны стан, які забароніць усе палітычныя партыі.

«Гэта першая і апошняя наша прапанова», – сказаў марыянетачны кіраўнік антыўкраінскіх узброеных фармаванняў.

Балбатня «прамакаткі»?

У вядомым фільме «Месца сустрэчы змяніць нельга» у бандзе Гарбатага быў злачынец па мянушцы Прамакатка, які, хоць сам з сябе нічога не ўяўляў, але выступаў своеасаблівым інструментам істэрычнага псіхалагічнага ціску на Шарапава, пакуль сам Гарбаты назіраў за рэакцыяй галоўнага героя.

Адпаведна Захарчанка можа быць такім жа «Прамакаткам», які агучвае агрэсіўныя планы, за якія быццам бы Крэмль не нясе ніякай адказнасці. Але пры гэтым Масква можа назіраць за дзеяннямі і словамі, якія адбудуцца і прагучаць у адказ на падобную балбатню.

«Пра тое, што гэта не проста перадазіроўка баярышніка, але «тэмнік» (сакрэтная інструкцыя) Крамля сведчыць, сярод іншага сінхроннасць рэакцыі расейскіх інфармацыйных агенцыяў. Інтэрвал зʼяўлення навіны ў стужках «Интерфаксу», РИА «Новости», Ленты.Ру склаў меньш за 1 хвіліну», – адзначыў у сваім блогу аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Унутрыпалітычнае плацэба?

З іншага боку, эксцэнтрычнае выказванне Захарчанкі можа мець зусім іншага адрасата – уласна жыхароў Данецку і тых раёнаў Данецкай вобласці, якія апынуліся пад кантролем баевікоў.

Апытанні сведчаць, што насельніцтва гэтых раёнаў у большасці хоча тым ці іншым спосабам застацца ў Украіне і стамілася ад вайны.

Магчыма, такія выказванні таксама зʼяўляюцца ягонай спробай застацца ў інфармацыйнай прасторы Расеі, нагадваць пра сябе, каб не быць ціха змененым на больш эфектыўную марыянетку.

Захарчанка і раней выказваўся ў стылі барона Мюнхаўзена, займаючыся ці то псіхалагічным заспакойваннем насельніцтвам ці то аўтатрэнінгам.

«Я зараз не кажу Кіеў. На самой справе трэба браць нават не Берлін. Трэба яго прайсці і ўзяць Брытанію як гэткую», – сказаў «прэзідэнт» ўзімку у размове з пісьменнікам Захарам Прылепіным, які пазней стаў піяр-байцом у «ДНР».

Пасля захопу Вялікабрытаніі наступіць «залаты век Расеі», сказаў тады Аляксандр Захарчанка.

«Мы вернем пад кантроль тую тэрыторыю, якую страціла Расейская Імперыя, плюс забярэм сваё, што павінны былі атрымаць яшчэ з часоў Крымскай вайны», – заявіў «прэзідэнт».

Грунт для новай маштабнай агрэсіі?

Абвяшчэнне «Маларосіі» са сталіцай у Данецку, якая не прызнае ніякіх правоў Украіны, можа стаць і прапагандысцкай падрыхтоўкай да наступнага этапу крамлёўскай агрэсіі.

У такім выпадку Масква можа заявіць, што не прызнае Украіну, а прызнае «Маларосію», па просьбе якой мае права ўводзіць войскі.

Таксама агучванне такіх планаў можа быць элементам дыпламатычнага шантажу ўкраінскіх і еўрапейскіх элітаў, пагрозай эскалацыі канфлікту, які створыць вялізарныя гуманітарныя праблемы для ўсёй Еўропы.

Зрэшты падобныя планы па стварэнні «Маларосіі» на месцы Украіны ці акупацыі Лондану могуць быць выкліканыя і проста толькі асаблівасцямі інтэлектуальнага развіцця і эмацыйным станам Захарчанкі.

Тым больш што ў «братняй ЛНР» ад ягоных планаў ужо адхрысціліся.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў