Што паказваюць украінскія ролікі, прысвечаныя 70-годдзю Перамогі?


Перагукі мінулага і сучаснасці выразна бачныя ва ўкраінскіх відэароліках, прысвечаных юбілею Перамогі ў Другой сусветнай вайне.

У адным з кліпаў расейскі музыка Андрэй Макарэвіч узгадвае падзеі, якія папярэднічалі пачатку Другой сусветнай вайны і задаецца пытаннем, чаму Гітлер у нейкі момант вырашыў, што «яму ўсё сыдзе з рук». «Нейкія краіны думалі, што іх гэта не закране. Хтосьці назіраў праз акіян, у выніку свет страціў 54 мільёны людзей», – кажа музыка. За гэтыя словы Макарэвіча абвінавацілі ў Расеі ў здрадзе.

Каманда ўкраінскага тэлеканалу «Інтэр» падрыхтавала спецыяльны трэйлер, ідэю якога калісьці падарыў усім прыхільнікам свайго фільму «У бой ідуць адны старыя» рэжысёр Леанід Быкаў.

Лісты з вайны. Іх змест можа быць аднолькавым для 1945 і 2015 гадоў…

Другая сусветная вайна закранула практычна кожнай украінскай сям’і. Сімвалам Перамогі і памяці ахвяр стала сёлета ва Украіне кветка маку. У народнай украінскай традыцыі чырвоная кветка з’яўляецца сімвалам пралітай казакамі крыві. Гэта таксама сімвал следу кулі ў людскім целе.

Успаміны ветэранаў і вязняў канцлагераў поўныя эмоцый.

«У гэтым годзе я марыў адсвяткаваць 9 траўня, Дзень вялікай Перамогі, са сваім унукам, лейтэнантам Нацыянальнай гвардыі. Але ён загінуў у баі пры абароне сваёй Радзімы, – кажа ветэран з Запарожжа Іван Залужны. – Мой унук частая казаў, што будзе таксама абараняць, як дзед абараняў. Ён не раз казаў, што гатовы аддаць жыццё за Свабоду сваёй краіны».

З Данбасу віншуюць сваіх дзядоў і бабуль сённяшнія маладыя ўкраінцы, што бароняць Айчыну.


Сівавалосы ветэран палкоўнік Сямён Гірэнка мае супольныя тэмы з загартаванымі ў баях на Данбасе курсантамі Акадэміі сухапутных войскаў. Іх аб’яднала абарона роднай зямлі і сваіх суайчыннікаў ад агрэсіі.

Здавалася б, усяго толькі вішня на родным падворку альбо хустка з матчынай хаты, але гэта – сімвалы Радзімы, за якую не баяліся памерці ўкраінцы.


Якой была роля ўкраінскага народу ў перамозе над нацызмам?

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары