Шэсць манашак збіраюцца скараць Еўрабачанне


Манашкі з каталіцкага ордэну ўршулянак выступяць на мальтыйскім паўфінале Еўрабачання. Яны выканаюць песню, якая распавядае аб іх працы з сіротамі ў горадзе Сліма.

Песня пад назваю «Любі і адпусці» ўваходзіць у 48 адабраных для паўфіналу песень. Усяго на паўфінал прапанавалі 134 кампазіцыі.

«Спачатку мы лічылі, што манашкам не варта ўдзельнічаць у Еўрабачанні, што нам там не месца. Але потым мы падумалі – чаму не? Мы робім гэта дзеля Касцёлу і дзеля дзяцей, якім мы дапамагаем», – паведаміла сястра Міхаэль выданню «Times of Malta».

Манашкі працавалі над гэтай песняй са жніўня і рэпетавалі пасля набажэнстваў і ў працэсе догляду за дзецьмі. «Было цяжка, мы ж не прафесіяналы, але мы, колькі маглі, прысвячалі гэтаму час», – распавяла сястра Мадлен.

Сёстры атрымалі дазвол на ўдзел у конкурсе ад арцыбіскупа Поля Крэмона (Paul Cremon), які сказаў ім прыслухацца да парады Папы і прапаведаваць у свеце.

«Цяпер, калі гэта адбываецца, хочацца ўшчыпнуць сябе», – прызналася сястра Міхаэль.

З 48 адабраных песень толькі 20 пройдзе ў фінал.

МЯ, belsat.eu, паводле katolik.ru

Стужка навінаў