Сцэнкі крызісу на «Гомельдрэве»: да чаго прывялі атрута і дарагі інтэрнэт


Пра крызіс на прадпрыемстве «Гомельдрэў», адным з буйнейшых у абласным цэнтры, «Белсат» размаўляе з былым інжынерам Аляксандрам Батраковым.

На «Гомельдрэве» ўладкаваныя больш за 3 тыс. чалавек. Іх перавялі на 4-дзённы працоўны тыдзень і 6-гадзінны працоўны дзень. Калектыў скарачаюць коштам пенсіянераў, з імі не працягваюць кантрактаў. Цягам года іх плануецца звольніць каля 600. Што давяло «Гомельдрэў» да гаротнага стану? Вось што распавёў нам былы інжынер прадпрыемства Аляксандр Батракоў.

Што давяло «Гомельдрэў» да крызісу?

Прычына гаротнага стану «Гомельдрэва» – класічная: прадукцыя энергаёмістая, а таму дарагая і яе цяжка прадаць.

«Безгаспадарлівасць усяму віною. Цячэ, напрыклад, гарачая вада ручаём усю зіму, нават трава пачала расці, а нікога гэта не турбуе. І так паўсюль. Недзе святло соднямі гарыць у распраналцы, забыліся выключыць…»

Маркетынг, паводле спадара Батракова, наладжаны слаба: гэтым займаюцца ўсяго тры чалавекі, плакаты і рэклама – нізкай якасці.

Станкі цягнуць інтэрнэт

На прадпрыемстве паставілі новыя лініі. Прычым частка абсталявання – італьянскай вытворчасці, частка – нямецкай, частка – расейскай. Каб наладзіць працу, з Нямеччыны ў Гомель прыехалі тры адмыслоўцы. Паколькі лініі камп’ютэрызаваныя, спатрэбіўся інтэрнэт. Падчас візіту нямецкіх гасцей высветлілася, што кабеляў, каб падключыць станкі да камп’ютэра, няма, на іх закупку трэба абвесціць конкурс, а гэта зойме не адзін дзень. Частку машынаў можна было падлучыць да бесправаднога інтэрнэту, але такога не аказалася. У выніку немцы сядзелі ў чаканні. «Прастой» трох чалавек каштаваў прадпрыемству 6 тыс. еўраў за дзень.

Апрача гэтага, лініі камп’ютэрызаваныя, таму праграмнае забяспечванне трэба рэгулярна абнаўляць праз Сеціва. «Гомельдрэў» не парупіўся пра безлімітны тарыф.

«І ў нас, бывае, адзін станок на 20 млн. рублёў выкачвае толькі абнаўленняў за месяц. А такіх станкоў на прадпрыемстве не адзін не два».

Як перад Лукашэнкам закапалі станкі

Са старым абсталяваннем таксама цікавая гісторыя. «На прадпрыемства збіраўся прыехаць Лукашэнка прыкладна год таму, у адным цэху стаялі вялізарныя металаапрацоўчыя станкі. Замест таго, каб здаць іх на металалом, прыгналі экскаватары, каб іх закапаць. Часу не было іх вывозіць, дык яны па-хуткаму іх закапалі, каб Лукашэнка, крый божа, не ўбачыў».

У плітах схавалася атрута

Прадпрыемства спадзявалася, што грошы будзе прыносіць новая структурная адзінка – завод па вытворчасці пліт МДФ, які нядаўна пабудавалі ў Рэчыцы. Ідэя зарабляць на плітах нарадзілася шэсць гадоў таму, тады гэта прадукцыя лічылася перспектыўнай. Аднак пакуль прадпрыемства пабудавалі, патрабаванні да якасці такой прадукцыі ў Еўразвязе сталі больш жорсткімі. У выніку, пліты, якія ў Рэчыцы прэсуюць атрутнымі смоламі, еўрапейцам цяпер не прадасі.

Рэцэпт на выйсце з крызісу

Спадар Батракоў лічыць, што «Гомельдрэў» трэба падзяліць на невялікія вытворчасці. Паколькі тры цэхі, якія раней былі на прадпрыемстве, аб’ядналі ў адзін, кіраўніку апошняга цяжка ўсё кантраляваць.

Ларыса Кавальчук / ІА, belsat.eu

Стужка навінаў