Саўмін накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект з карэкціроўкамі артыкулу 328


Савет міністраў накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект з карэкціроўкамі артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Пра гэта паведаміла БелТА неўзабаве пасля таго, як удзельніцы Руху «Маці 328» наведалі Адміністрацыю прэзідэнта, каб перадаць Аляксандру Лукашэнку свой зварот у справе асуджаных па «наркатычным» артыкуле. «Белсат» вёў стрым падзеі.

Паход «Маці 328» у адміністрацыю Лукашэнкі

Жанчыны лічаць прысуды маладым людзям па артыкуле 328 несправядлівымі.

Сёння ж «Маці 328» абвесцілі пра завяршэнне галадоўкі, якая распачалася 27 красавіка ў Калінкавічах і Пухавіцкім раёне. На пачатку акцыі пратэсту колькасць удзельніц дасягала 20 па ўсёй краіне. Частка прыпыніла галадоўку па рэкамендацыі медыкаў. Маці асуджаных па «наркатычных» артыкулах дамагаюцца зніжэння тэрмінаў пакарання, пераразгляду справаў і асабістай сустрэчы з Лукашэнкам. У апошнім ім катэгарычна адмовілі падчас сустрэчы з Наталляй Качанавай 2 траўня. Але тады ім паабяцалі, што адпаведны законапраект аб зменах у заканадаўства будзе неўзабаве перададзены на разгляд дэпутатам.

НМ, belsat.eu, Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары