У акумулятарнага заводу, супраць якога ўжо больш за два гады пратэстуюць жыхары Берасця, змяніўся ўласнік. Месца падкантрольнай Віктару Лемяшэўскаму кампаніі «Белінвестганд-Сплаў» занялі бізнесоўцы, звязаныя з хакейнай камандай Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта піша TUT.by.
У 2016 годзе акумулятарны завод пачынала будаваць кампанія «АйПауэр», уладальнікам якой была фірма «Белінвестганд-Сплаў». Абедзве структуры ўваходзяць у 1AK-GROUP, саўладальнікам якой з’яўляецца бізнесовец Віктар Лемяшэўскі.
Як паведамляе TUT.BY са спасылкай на групу кампаніяў Лемяшэўскага, сёлета 22 траўня акумулятарны завод быў выведзены з-пад кантролю групы кампаніяў 1AK-GROUP, усе 100% доляў у статутным фондзе ТАА «АйПауэр» былі прададзеныя.
Паводле дадзеных Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў, статутны фонд новага ўладальніка заводу ТАА «Акумулятарны Альянс» складае 6,7 мільёна рублёў. 85% долі кампаніі належыць Сяргею Кагановічу, а 15% – Дзмітрыю Баскаву.
Кагановіч зʼяўляецца намеснікам дырэктара кампаніі «Семь Холмов Бел». Ён даўно захапляецца хакеем, удзельнічаў у спаборніцтвах з удзелам каманды Лукашэнкі.
Дзмітрый Баскаў – гендырэктар хакейнага клуба «Дынама-Менск» і трэнер каманды Аляксандра Лукашэнкі. Раней ён трэнаваў маладзёвую і юнацкую зборныя Беларусі, а таксама аматарскую каманду, за якую выступае Мікалай Лукашэнка.
ІІ belsat.eu