Саўчанка: «Не веру, не баюся, не прашу»

video

https://youtu.be/v2YOKANGDSE

Так у перапынку паседжання Надзея Саўчанка выказала сваё стаўленне да суда ў расейскім Данецку Растоўскай вобласці.

Пракуроры запатрабавалі 23 гады турмы для ўкраінскай вайсковай лётчыцы, узятай у палон расейскімі баевікамі групоўкі ЛНР. Сёння суддзя пачаў агалошваць прысуд.

За два гады незаконна ўвезеная ў Расею Надзея Саўчанка сталася народным героем Украіны. Вакол ейнага імя аб’ядналіся ўсе ўкраінскія палітыкі і грамадскасць. Мужнасць ды непакорлівасць вайсковай лётчыцы зрабіліся асаблівым выпрабаваннем і для расейскай улады.

Сённяшні суд адбываўся ва ўмовах надзвычайных захадаў бяспекі. У 50-цітысячны Данецк з найбліжэйшых гарадоў дадаткова былі сцягнутыя праваахоўныя сілы. Паводле адвакатаў Саўчанкі, улады таксама завезлі і бюджэтнікаў, каб зладзіць мітынг на падтрыманне расейскага правасуддзя.

Украінскія групы падтрымання Надзеі Саўчанкі дабрпліся да Данецку не ў поўным складзе. Дэпутатка Вярхоўнай Рады Украіны і ўпаўнаважаная прэзідэнта ў пытаннях мірнага ўрэгулявання на Данбасе Ірына Герашчанка даведалася на мяжы, што ёй забаронены ўезд у Расею на пяць гадоў.

«У акце, які мне выдалі, напісана, што ўезд забаронены з мэтаю запэўнівання нацыянальнае бяспекі ды абароназдольнасці Расеі. Прычым пазначана, што затрымалі мяне 8 сакавіка. Але ў той дзень я дакладна была не ў Расеі. Я паведаміла пра сітуацыю міністру замежных справаў Украіны і цяпер Міністэрства рыхтуе ноту», – кажа Ірына Герашчанка.

Паводле адвакатаў Саўчанкі, прысуд будуць агалошваць два дні. Надзея слухае яго седзячы. Як кажуць сведкі працэсу, вырак слова ў слова паўтарае абвінавачанне пракурораў. Саўчанка пагражае новым галадаваннем, а Украіна настойвае на персанальных санкцыях для расейцаў, якія выкралі і пераследуюць грамадзянаў Украіны. Гэтая тэма становіцца асноўнаю на міжнародных сустрэчах Пятра Парашэнкі.

«Прыярытэтная тэма нашых перамоваў – каардынацыя намаганняў для арганізацыі міжнароднага ціску на Расею, у тым ліку і з боку ЕЗ, для неадкладнага вызвалення ды вяртання ва Украіну нашых грамадзянаў, улучна з Надзеяй Саўчанкай, Алегам Сянцовым, Кольчанкам ды іншымі, каго незаконна ўтрымліваюць у Расеі», – заявіў Парашэнка.

Найбольш вызвалення вязняў чакаюць іхныя родныя.

«Мая вера ў тое, што Надзею вызваляць, але калі, як і што… Мне Парашэнка казаў, што яе мусілі вызваліць яшчэ летась, 15-га траўня, але ж нічога не адбылося», – кажа Марыя Саўчанка, маці Надзеі.

Расейскія ўлады пераконваюць сёння, што менавіта абвешчанне прысуду стане падставаю для абмену Надзеі Саўчанкі ў межах Менскіх дамоўленасцяў. Пра ніякае іншае вызваленне, нягледзячы на наўпроставыя патрабаванні Еўропы, ЗША ды Украіны, гаворкі няма.

Алена Літвінава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары