Самалёт зваліўся ў 800-ах метрах ад жылых дамоў у Берасцейскай вобласці


Месца здарэння цалкам ачэплена. Падыйсці да яго бліжэй як на 500 метраў немагчыма.

11 лістапада каля 14 гадзіны адбылася аварыя самалёту МіГ-29 знішчальнай авіяцыйнай базы Вайскова-паветраных сілаў і войскаў Супрацьпаветранай абароны. Лётчык катапультаваўся, падаў сайт Міністэрства абароны Беларусі.

У выніку падзення летака пацярпелых і разбурэнняў няма. Пілот, якога знайшлі выратавальнікі, не пацярпеў.

Паводле дадзеных старонкі intex-press.byн, здарэнне адбылося ў раёне вёскі Дарава Ляхавіцкага раёну.

«Мой сябар праязджаў міма праз дзве-тры хвіліны пасля падзення. Бачыў пажар. На дарозе валяўся ліхтар ад кабіны. Сябру здалося, што гэта ад Міг-29. Самалёт упаў прыкладна ў 800-ах метрах ад жылых дамоў. Лётчыка павезла хуткая, а потым усё ачапілі», – распавёў intex-press.by чытач.

Крушэнні вайсковых самалётаў у Беларусі

23 траўня 1996 года падчас трэнавальнага палёту разбіўся знішчальнік Су-17. Пілот Уладзімір Карват загінуў. За тое, што ён адвёў машыну ад населенага пункту, лётчыку пасмяротна было прысвоена званне «Герой Беларусі».

24 траўня 1997 года падчас трэнавальнага палёту разбіўся знішчальнік-бамбардзіроўшчык Су-17. Лётчык-выпрабавальнік Сяргей Паграбан загінуў.

30 жніўня 2009 года падчас выступу на авіяцыйным шоу ў горадзе Радам (Польшча) разбіўся самалёт Су-27УБМ. У гэтай катастрофе загінулі намеснік камандзіра Заходнім аператыўна-тактычным камандаваннем ВПС і войскаў СПА палкоўнік Аляксандр Марфіцкі і намеснік камандзіра 61-й знішчальнай авіябазы палкоўнік Аляксандр Жураўлевіч.

21 красавіку 2010 года падчас трэнавальнага палёту ў раёне Ружанаў (Пружанскі раён) сутыкнуліся ў паветры два знішчальнікі МіГ-29. Пілот аднаго з самалётаў катапультаваўся. Іншы знішчальнік здолеў прызямліцца на аэрадроме.

23 верасня 2010 года ў Ганцавіцкім раёне падчас выканання пілатажу павышанай складанасці на малых вышынях пацярпеў катастрофу МіГ-29. Загінулі падпалкоўнік Сяргей Каваленка і маёр Аляксандр Жыгайла.

29 лістапада 2011 года недалёка ад Пружанаў падчас навучальнага палёту пацярпеў крушэнне верталёт Мі-24. Ахвярамі катастрофы сталі тры члены экіпажу: маёр Алег Кахно, капітан Дзяніс Глушчанка, капітан Валерый Бабко.

12 чэрвеня 2012 года на палігоне «Нёман» пад Лідай разбіўся Су-25. Загінуў пілот – падпалкоўнік Мікалай Грыднеў.

30 верасня 2014 года ў Лідскім раёне ўпаў штурмавік Су-25. Лётчык жывы.

МЯ, паводле mil.by, intex-press.by

Стужка навінаў