Сакрэты «неафіцыйнага гандлю». Як прадукцыя МАЗу трапляе ў ДНР


Экскаватар-пагрузчык, зроблены на базе МАЗ. Фота gorlovka.su

Прадукцыя Менскага аўтамабільнага заводу рэгулярна трапляе на непадкантрольныя Кіеву тэрыторыі. Як працуе схема паставак і якое дачыненне да гандлю з ДНР мае прадстаўніцтва Ніжагародскай вобласці ў Беларусі – разбіралася журналістка belsat.eu.

Belsat.eu пісаў у сваім расследаванні пра тое, як буйныя беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы гандлююць з кампаніямі, што знаходзяцца ў так званых ДНР і ЛНР. Тады гаворка вялася пра прадукты харчавання і алкаголь. Паводле статыстыкі данецкага бізнес-парталу DNR-live, агулам на той час доля беларускіх тавараў на спажывецкім рынку непрызнаных рэспублік складала каля 25%. Як даведаліся журналісты belsat.eu, гандаль звычайна ідзе праз расейскія фірмы-пракладкі, бо заключыць наўпроставы кантракт з данецкім або луганскім суб’ектам закон не дазваляе.

Цяпер мы паспрабавалі высветліць, якім чынам састаўныя часткі МАЗ трапляюць у горад Тарэз Данецкай вобласці, дзе з іх збіраюць спецтэхніку для камунальных патрэбаў. Населены пункт з 2014 года знаходзіцца пад кантролем ДНР.

Выстава “Патэнцыял ДНР-2018”, фота gorlovka.su

Беларуская дэлегацыя на «Патэнцыяле ДНР»

23-24 жніўня 2018 у Данецку адбылася выстава-кірмаш «Патэнцыял Данецкай народнай рэспублікі-2018», яе арганізатар – «міністэрства прамысловасці і гандлю ДНР». Паводле мясцовай прэсы, там была прадэманстраваная прадукцыя больш за сотні прадпрыемстваў з Расеі, ЛНР і Беларусі.

Адна з мэтаў выставы – «актывізацыя дзелавой супрацы» з замежнымі інвестарамі. Склад беларускай дэлегацыі цалкам не раскрываецца, але вядома, што сярод яе чальцоў быў Сяргей Пятроў, афіцыйны прадстаўнік Ніжагародскай вобласці ў Беларусі. Цалкам імаверна, што Пятроў – адзін з тых, хто каардынуе неафіцыйныя кантакты паміж Беларуссю і ДНР у прамысловай сферы.

У сюжэце навінаў на данецкім тэлеканале «Юніон» распавялі, што Тарэзскі электратэхнічны завод (далей – ТЭТЗ) прадставіў на выставе «сумесны праект з адным з беларускіх заводаў». Паводле дырэктара ТЭТЗ Ігара Невалёнага, гаворка ідзе пра экскаватар-пагрузчык, снежны адвал (коўш) якога сабраны па чарцяжах беларускага распрацоўніка. Пры гэтым ён стаіць як раз на фоне такой машыны. Невалёны адзначае: неўзабаве плануецца наладзіць выпуск смеццявозаў «па аналагічнай схеме».

У сюжэце данецкага тэлеканалу Сяргей Пятроў гаворыць наступнае:

«Я дамовіўся з дырэктарам МАЗ, гэта былы міністр прамысловасці РБ, праз адпаведныя структуры могуць пастаўляць шасі на растоўскія фірмы і іншыя, а тут збіраць смеццявозы».

Адметна, што Пятроў распавядае гэта Аляксандру Цімафееву (пазыўны «Ташкент»), які быў «правай рукой» загінулага кіраўніка ДНР Захарчанкі. Пасля выбуху ў кавярні «Сепар» ён збег у Расею.

Дык чаму пытаннем паставак камплектуючых МАЗ займаецца прадстаўнік Ніжагародскай вобласці ў Беларусі? Хто з беларусаў зацікаўлены ў партнёрстве з ДНР і як рэагуюць спецслужбы? За адказамі мы накіраваліся да Сяргея Пятрова.

Сяргей Пятроў (злева) з прадстаўнікамі ДНР. Фота прадстаўлена Сяргеем Пятровым

У Данецк – праз Растоў

Прадстаўніцтва Ніжагародскай вобласці працуе ў Менску з 1999 года, месціцца ў офісным будынку ў цэнтры гораду і займае два невялікія пакоі. Паводле статуту, у ягоныя паўнамоцтвы ўваходзіць каардынацыя гандлёва-эканамічнай і культурна-гуманітарнай дзейнасці прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў Ніжагародскай вобласці ў РБ.

Пра спрыянне гандлю з трэцім бокам гаворкі няма. Асобна падкрэсліваецца, што прадстаўніцтва не выконвае палітычнай функцыі і на яго распаўсюджваецца дзеянне беларускага заканадаўства. У структуру амбасады РФ яно не ўваходзіць. Дарэчы, такіх «рэгіянальных» расейскіх офісаў у Беларусі ўсяго два – гэты і Краснадарскай вобласці. Сяргей Пятроў узначальвае прадстаўніцтва з 2010 года, падпарадкоўваецца ён непасрэдна свайму губернатару.

Паводле слоў Пятрова, схема паставак беларускіх тавараў цяжкай прамысловасці ў ДНР сфармавалася ў 2016 годзе.

«Афіцыйнай супрацы паміж МАЗам і ДНР няма. Хаця, канешне, аўтамабілі МАЗ маюць месца там быць. Завод у Менску пастаўляе прадукцыю ў маскоўскі Гандлёвы дом МАЗ, потым яе набываюць кампаніі ў Растове, а адтуль МАЗы трапляюць у Данецк. Наколькі мне вядома, цяпер у планах кіраўніцтва ДНР на базе шасі МАЗ вырабляць смеццявозы на Тарэзскім электратэхнічным заводзе», – распавядае чыноўнік.

Прычына нумар адзін, па якой абралі апісаную схему – палітыка.

«У сілу палітычных абставінаў, беларускія прадпрыемствы не могуць наўпрост гандляваць з непрызнанай рэспублікай. У выпадку наўпроставых паставак у ДНР Беларусь сапсавала б стасункі з Украінай, а МАЗ трапіў бы пад санкцыі. Але прыватны расейскі бізнес мае такое права. Натуральна, МАЗ нічога не парушае, калі прадае свае вырабы, напрыклад, у Растоў».

Пятроў згадвае важную дэталь: сярод акцыянераў гэтых растоўскіх кампаніяў, часцей за ўсё, ёсць жыхары ДНР. Акрамя таго, ён прызнае, што па падобнай схеме з Данбасам працуе Менскі трактарны завод і Амкадор.

Сяргей Пятроў на працоўным месцы, фота Кацярыны Андрэевай

«Сакрэт палішынеля» і рэакцыя спецслужбаў

«Не пад запіс» Пятроў дэманструе нам арыгінал ліста з «міністэрства прамысловасці і гандлю» ДНР. Гэта – запыт на чарговую пастаўку прадукцыі МАЗ. У верхнім левым куце дакумента стаіць віза Пятрова, з напісанага паспяваем разабраць словы «Катериничу…без указания ДНР». Зрабіць фота ён не дазваляе.

Дзмітрый Кацярыніч – гендырэктар МАЗ і экс-міністр прамысловасці Беларусі. Верагодна, пра спецыфічную дамоўленасць з ім Сяргей Пятроў і казаў «Ташкенту»на выставе «Патэнцыял Данбасу» у жніўні.

«Лішняга збыту не бывае. Калі МАЗы ідуць на Расею (усміхаецца), Дзмітрый Сцяпанавіч вельмі гэта вітае».

Мы папрасілі Пятрова агучыць назвы растоўскіх кампаніяў. Пазней ён паведаміў, што тыя «катэгарычна адмовіліся» гутарыць з журналістамі.

Пытаемся, ці даводзілася сутыкацца з адмоўнай рэакцыяй на гандаль з непрызнанай рэспублікай з боку беларускіх спецслужбаў.

«Ды не. Як прадстаўнік Ніжагародскай вобласці я садзейнічаю выхаду як дзяржаўных, так і прыватных беларускіх кампаніяў на рынкі РФ і ДНР у тым ліку. Чаму павінен быць нейкі негатыў? Гэта ж не тавары падвойнага прызначэння. Я не бачу ніякага негатыву датычна нашай працы».

На пытанне, ці ведаюць улады ў Менску пра схему гандлю з Данецкам, Пятроў кажа, што гэта такі сабе «сакрэт палішынеля».

«Пра гэта ўсе маўчаць»

На Тарэзскім электратэхнічным заводзе нас паабяцалі звязаць з камерцыйным дырэктарам праз гадзіну, але потым паведамілі, што на дадзены момант «усё кіраўніцтва ў камандзіроўках». Праз некаторы час сакратарка ўсё ж перадала пытанне свайму начальніку, аднак той ад каментару адмовіўся.

Намеснік камерцыйнага дырэктара па рэалізацыі грузавой тэхнікі МАЗ Сяргей Захарэвіч, які курыруе пастаўкі ў Расею і Украіну, у каментары belsat.eu заявіў, што пра данецкі напрамак яму нічога не вядома і сярод афіцыйных пакупнікоў Тарэзскі завод не фігуруе.

«МАЗ – вытворца шырокай гамы тэхнікі, і, працуючы ў межах антыманапольнага заканадаўства, мы не маем абавязку адсочваць шлях кожнай асобнай адзінкі. Тэхніка – тавар рухомы, яна можа апынуцца ў любой частцы свету і выкарыстоўвацца там у тых ці іншых мэтах. У тым ліку, я не выключаю, што хтосьці рэалізоўвае яе ў гэтым рэгіёне».

У прэс-службе «міністэрства прамысловасці і гандлю» ДНР нам пацвердзілі, што атрымліваюць тэхніку і камплектуючыя з МАЗ.

«Звычайна пра гэта ўсе маўчаць – і той бок, і мы. Іначай будуць санкцыі, мы ж непрызнаная рэспубліка. Нават у выпадку непрамых паставак – адразу санкцыі. Пытанне вельмі далікатнае. Працуем, канешне, але маўчым. І назвы растоўскіх кампаніяў вам ніхто не скажа – камерцыйная тайна».

***

З 2004 года МАЗ мае афіцыйнага дылера ва Украіне – ТАА «Аўта-МАЗ» з прадстаўніцтвамі ў Кіеве і Цярнопалі. На сённяшні дзень прадпрыемства – сярод лідараў на ўкраінскім рынку грузавой тэхнікі. У 2017 годзе галаўная кампанія агучвала план заняць 23-25% на гэтым рынку. Адметна, што свет пабачылі ўжо некалькі сумесных з Украінай праектаў: напрыклад, наладжаная вытворчасць сельскагаспадарчых самазвалаў на базе шасі МАЗ. А Укргазбанк нават прапановаў крэдыты на прадукцыю МАЗ з працэнтнай стаўкай ад 10%, якую часткова кампенсуе Беларусь. Такім чынам, супраца МАЗ і яго прысутнасць ва Украіне адыгрывае значную ролю ў абедзвюх эканоміках.

***

Юры Царык, эксперт Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў мяркуе, што ў існаванні такой схемы паставак праз Расею няма нічога дзіўнага.

«Хутчэй за ўсё, схема была ініцыяваная і прапанаваная менавіта расейскімі партнёрамі. Адпаведна, юрыдычную адказнасць нясе таксама расейски бок. Кіраўніцтва МАЗ пры гэтым можа быць у курсе таго, што адбываецца.

Пастаўкі не наўпроставыя і, з аднаго боку, схема дазваляе Менску надалей эксплуатаваць свой квазінейтральны палітычны статус на Данбасе, а з іншага – мець дадатковы рынак збыту.

Калі гэта так, то, значыць, на МАЗе пралічылі магчымыя рызыкі і прыйшлі да высновы, што выгада ад схемы перавышае патэнцыйныя рэпутацыйныя страты, палічылі такую рызыку прымальнаю».

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары