Сабака ўкусіў дзяўчынку, што дражніла яго. За гэта ейны бацька павесіў жывёліну на вачах у дзяцей


У Мазыры мужчына на вачах у дзяцей душыў, а пасля павесіў на дрэве бяздомнага дварняка. Сабаку выратавалі, а на мужчыну напісалі заяву ў міліцыю. Цяпер яму пагражае крымінальная адказнасць.

Мясцовая дзяўчынка дражніла дварняка. Сабака, паводле мясцовых хлопцаў, быў прыязны, але за здзекі ўкусіў яе. Дзяўчынка заплакала і пабегла дадому. Пасля гэтага выйшаў ейны бацька.

Мужчына паклікаў сабаку, той даверліва падышоў. Тады ён дастаў кабель, абматаў шыю жывёліны і пацягнуў да рова. Калі сабака страціў прытомнасць, мужчына скінуў яго ў роў, а пасля спусціўся і павесіў сабаку на дрэве. Дзеці прасілі не забіваць жывёліну, але іх ніхто не пачуў.

У выніку хлопцы выратавалі сабаку. Разам з дарослымі адвезлі жывёліну ў прытулак. Паводле працаўнікоў прытулку, сабака быў у непрытомным стане са зламанай задняй лапай, якая матлялася. Жывёліне наклалі гіпс, цяпер яна на каранціне, і яе чакае доўгая рэабілітацыя.

Праваахоўнікі праводзяць праверку.

ДР belsat.eu паводле tkm.by

Глядзі таксама
Каментары