Са зброяй спрабавалі абрабаваць жыхара Слуцку. Цяпер пераконваюць, што здымалі пранк


Інцыдэнт здарыўся яшчэ ў чэрвені сёлета. Паводле следства, два 19-гадовых беспрацоўных жыхара Магілёўскай вобласці загадзя спланавалі разбой.

Адзін з фігурантаў у інтэрнэце пазнаёміўся з мужчынам і прапанаваў яму купіць алкаголь. Яны дамовіліся, што той прывязе пакупніку ў Слуцк 30 скрыняў гарэлкі па 20 бутэлек у кожнай. Хлопцы арандавалі мікрааўтобус у Менску, а кіроўцам папрасілі пабыць знаёмага, які не ведаў пра іх задуму.

Пад Слуцкам мікрааўтобус паламаўся, і пацярпелы прыехаў да маладых людзей са сваім знаёмым, каб забраць тавар. Нападнікі заманілі мужчыну ў фургон, а пасля пагражаючы пнеўматычным пісталетам, выкралі ў яго 230 рублёў.

Неўзабаве зламыснікаў затрымала міліцыя.

У ходзе следства абвінавачаныя давалі супярэчлівыя паказанні. Яны сцвярджалі, што не хацелі рабаваць, а толькі разыграць. Нібыта яны мелі намер вярнуць грошы пацярпеламу і папрасіць прабачэння.

Ператрусы, экспертыза ды іншыя сабраныя доказы зняпраўдзілі іх довады. Маладзёны застаюцца пад вартаю. Справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў