Рынкевічс: Лукашэнка хоча паляпшэння стасункаў Беларусі і ЕЗ (Абноўлена)


Напярэдадні саміту Усходняга партнёрства міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс патлумачыў, чаму ён хацеў бачыць у Рызе Лукашэнку і ці бачныя на гарызонце таннейшыя візы ў Еўропу.

Падчас свайго візіту ў Менск у лютым кіраўнік латышскай дыпламатыі заявіў, што хацеў бы бачыць на саміце Усходняга партнёрства прадстаўнікоў «найвышэйшага ўзроўню». Заява выклікала непаразуменне ў часткі грамадзянскай супольнасці Беларусі, паколькі Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ў спісе неўязных у Еўразвяз.

У размове з «Белсатам» спадар Рынкевічс нагадаў, што запрашэнні на рыжскі саміт адрасавалі не канкрэтным асобам, а краінам. «Абіраць – гэта суверэннае права любой дзяржавы. Мы заўжды жадаем бачыць на самітах прадстаўніцтва найвышэйшага ўзроўню. З Беларуссю ў нас няпростыя стасункі. Былі добрыя моманты, былі дрэнныя і нават жорсткія. Вядома, нас хвалюе лёс палітзняволеных. Хоць мы бачым пэўнае паляпшэнне сітуацыі, гэтыя пытанні застануцца ў парадку дня. Разам з тым, я мяркую, што гучныя заявы не заўжды прыводзяць да выніку і трэба болей працаваць на ўзроўні дыпламатыі».

Эдгарс Рынкевічс адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка не ўспрымаў свой удзел у саміце як абавязковы элемент. «Ён вельмі хоча бачыць развіццё стасункаў між Беларуссю і Еўразвязам. Мы ўзнавілі палітычныя кантакты, і гэта можа стаць паваротным пунктам у нашых стасунках», – заявіў міністр.

У пятніцу запланавана падпісанне пратаколу аб дадатковым спрашчэнні малога памежнага руху між Беларуссю і Латвіяй, паведаміў Рынкевічс. Дакумент прадугледжвае новыя палёгкі ў перамяшчэнні жыхароў 50-кіламетровай зоны з абодвух бакоў мяжы.

Міністр замежных спраў пацвердзіў, што на саміце дакументаў юрыдычнага значэння падпісваць з Беларуссю не плануецца. Усцяж Рынкевічс спадзяецца, што рыжскі з’езд наблізіць падпісанне дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму між Беларуссю і Еўразвязам.

Поўную версію інтэрвю глядзіце ў эфіры «Белсату» сёння а 19:50.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары