Русь – гэта скандынавы, а ў ВКЛ размаўлялі старабеларускаю. Кім быў акадэмік Залізняк, што трымаўся такой тэорыі?


Андрэй Залізняк (Григорий Сысоев/ТАСС)

«Гістарычна Вялікае княства Літоўскае карысталася мовай, якую правільна называць старабеларускай», – распавядаў у сваіх кнігах і лекцыях акадэмік Расейскай Акадэміі Навук (РАН) Андрэй Залізняк, даследчык і вядучы спецыяліст па гісторыі старажытных усходнеславянскіх моваў.

Мовы – сваякі далёкія і блізкія

Сусветна прызнаны навуковец памёр 24 снежня на 83 годзе жыцця. Андрэй Залізняк аддаў навуцы пра мову ўсё жыццё і прайшоў шлях ад студэнта і аспіранта філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту праз вучобу ў Сарбоне да сябра-карэспандэнта Акадэміі навук СССР і акадэміка РАН.

Найбольш вядомы Андрэй Залізняк вывучэннем гісторыі расейскай мовы, наўгародскіх берасцяных граматаў. Таксама менавіта ён, выкарыстоўваючы метады лінгвістыкі даказаў, што «Слова пра полк Ігаравы» – сапраўдны твор XII стагоддзя.

Значным унёскам вучонага сталася стварэнне новай акадэмічнай канцэпцыі, паводле якой адзінай старажытнарускай мовы не існавала – яна складалася з дзвюх вялікіх моўных зонаў. Першая – паўночна-заходнія землі (Ноўгарад і Пскоў), другая – паўднёва-заходнія і ўсходнія княствы Русі.

«Сучасныя Украіна і Беларусь – спадкаемцы цэнтральна-усходне-паўднёвай зоны ўсходняга славянства, якая больш падобная ў моўным плане да заходняга і паўднёвага славянства», то бок да палякаў, чэхаў, харватаў і сербаў, адзначаў Залізняк у сваіх лекцыях.

Варажскія карані Беларусі

Слова «Русь», па меркаванні навукоўца, было скандынаўскага паходжання і абазначала групы вікінгаў, якія дзейнічалі на славянскіх, балцкіх і фіна-вугорскіх землях, засноўваючы свае княствы і дынастыі.

Адна з лекцый акадэміка Залізняка

«Гэтая назва пачынае згадвацца ў IX-X стагоддзях і першапачаткова яўна выкарыстоўваецца ў дачыненні яшчэ не нашых этнічных продкаў, а да скандынаваў. Ва ўсялякім выпадку ў грэцкай традыцыі слова «рос» абазначае нарманаў, а нашых славянскіх продкаў яно пачынае азначаць толькі прыкладна з X-XI стагоддзяў, пераходзячы на іх з назову тых варажскіх дружын, ад якіх паходзілі князі Старажытнай Русі», – казаў Андрэй Залізняк.

У гэтым кантэксце беларусам не варта цурацца другой часткі свайго этноніма – наш назоў Беларусь не сведчыць пра нейкую залежнасць ад усходніх суседзяў, а толькі нагадвае нам пра скандынаўскае паходжанне Рагвалода, Рагнеды, яе нашчадкаў ды вялікай часткі полацкай эліты і насельніцтва.

У пэўнай ступені беларусы – не толькі славяна-балты, але і скандынавы, варагі-русы.

Старабеларуская мова – продак сучасных беларускай і ўкраінскай

Няправільна казаць, што беларуская і ўкраінская мова выйшлі з нейкай «расейскай мовы», казаў вучоны. Сучасныя беларуская і ўкраінская мовы – «раздзяленне таго, што называюць заходнерускай ці, інакш, старабеларускай мовай», адзначаў ён.

«Сітуацыя складаная яшчэ і тым, што Украіна вялікая краіна, а Беларусь не вельмі вялікая. І ў кагосьці можа ўзнікнуць спакуса паглядзець на яе як на такі невялікі прыдатак Украіны. Аднак гістарычна было як раз наадварот. Гістарычна Вялікае княства Літоўскае карысталася мовай, якую правільна называць старабеларускаю… І ўся дзяржаўная дзейнасць у Вялікім княстве Літоўскім ажыццяўлялася на старабеларускай мове», – сведчыў Андрэй Залізняк.

Сучасныя ўсходнія межы Украіны і Беларусі невыпадкова нагадваюць усходнюю мяжу Вялікага княства Літоўскага, аднак нельга казаць, што беларуская і ўкраінская мовы склаліся дзякуючы палітычным межам XV-XVI стагоддзяў, дадае вучоны. Нараджэнне гэтых моў – вынік натуральных незалежных лінгвістычных працэсаў.

«Проста геній»

«Чалавекам, які ізноў адкрыў расейскую мову» называў Андрэя Залізняка вядомы філолаг і культуролаг Аляксандр Пяцігорскі. «Ён, вы разумееце, проста геній, вось і ўсё»,дадаваў Пяцігорскі.

Андрэй Залізняк за сваё жыццё не толькі напісаў дзясяткі навуковых працаў, сотні артыкулаў, прачытаў тысячы лекцый. Ён стварыў у 1977 годзе слоўнік, які выкарыстоўваецца дагэтуль як аснова ўсіх камп’ютарных праграм аўтаматычнага марфалагічнага аналізу (напрыклад, у Вікіслоўніку расейскай мовы).

Вучоны змагаўся з ілжэнавукаю – іранічна, але грунтоўна зняпраўдзіў тэорыі «Новай храналогіі» А. Фаменкі, такую падробку як «Велесава кніга», любімую часткай расейскіх шавіністаў.

Навуковец атрымаў шматлікія прэміі за даследаванні гісторыі расейскай мовы – ад Дзяржаўнай прэміі Расеі ў 2007 годзе і прэміяў Расейскай Акадэміі Навук (у тым ліку Вялікага залатога медаля імя М.Ламаносава) да прэміі А.Салжаніцына.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары