Уладзімір Роўда: «Ліпковіч мае рацыю – нам патрэбная вуліца Бжэзіньскага»


Пра ролю Збігнева Бжэзіньскага ўва ўцягванні СССР у вайну ў Афганістане ды тое, чаму Беларусь павінная ўшанаваць памяць вядомага палітолага, у размове з «Белсатам» разважае кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Роўда.

Прафесар, што падумалі сёння раніцай, калі даведаліся пра смерць Збігнева Бжэзіньскага?

Падумаў, што ён выдатна спалучаў дзве ролі – палітолага і палітыка.

Наколькі вялікая была роля Бжэзіньскага ўва ўцягванні СССР у вайну ў Афганістане?

Безумоўна, гэтая вайна падарвала імперыю, але роля Бжэзіньскага ўва ўцягванні СССР у вайну – пазіцыя абсалютна няправільная і лухтовая. СССР уцягнуўся ў гэтую вайну самастойна і па-за ўсялякімі амерыканскімі праектамі. Палітыкі, якія ўцягвалі Крэмль у гэтую авантуру – перш за ўсё, атачэнне Брэжнева.

Бжэзіньскі неаднаразова казаў, што Украіна і Беларусь няўмольна павернуцца на Захад. Наколькі ён у сваіх прагнозах памыляўся ці не памыляўся?

Ягоныя прагнозы – доўгатэрміновыя, у такой перспектыве я не бачу для Беларусі ніякай іншай альтэрнатывы як разрыў з Расеяй і сапраўдную незалежнасць Беларусі, магчымую толькі ў Еўравязе. Пакуль Лукашэнка з усіх сілаў імкнецца гэтага пазбегнуць, але наступныя кіраўнікі Беларусі пройдуць гэты шлях гісторыі.

Бжэзіньскі казаў пра разварот на Захад таксама і Расеі. Ці празаходні вектар зможа перамагчы ў нашых суседзяў?

Гэты вектар у Расеі, безумоўна, ёсць: напрыклад, ліберальная эканоміка ўсцяж там існуе, не задушаная канчаткова Пуціным. Але гэты вектар – маленькі, не ўплывовы. Апошні прыклад лібералізацыі – гарбачоўскую Перабудову – у Расеі сёння разглядаюць як адступленне ад інтарэсаў свайго народу.

А што давала магчымасць Бжэзіньскаму рабіць такія ўдалыя доўгатэрміновыя прагнозы па нашым рэгіёне?

Польскае паходжанне, безумоўна, згуляла тут сваю ролю – ён цудоўна ведаў наш рэгіён, пісаў свае працы таксама па-польску. Чым шырэйшы кругагляд палітолага – тым больш спадзеваў на рацыю падыходаў у прагнозах.

Яўген Ліпковіч выказаў упэўненасць, што ў недалёкай будучыні амбасада Расеі ў Менску будзе стаяць на вуліцы Збігнева Бжэзіньскага. Нам патрэбная такая вуліца?

Магчыма, ён мае рацыю. Бжэзіньскі павінен быць ушанаваны беларускай дзяржавай, але напэўна гэта не адбудзецца пры сучасным кіраўніцтве.

Палітыка Беларусі, безумоўна, зменіцца: Кітай – вельмі далёкая перспектыва, а Еўропа – блізкая, і нам пасуе – паводле духу, ментальнасці, гісторыі.

Чаму нам патрэбная такая вуліца? Гэты чалавек быў першым або адным з першых, які выступіў адкрыта з антыімперскай пазіцыяй і даказаў беларусам, што імперыя – асноўная пагроза як для нашага народу, гэтак і для нашых суседзяў.

Ён апярэдзіў свой час, напісаўшы выдатную кнігу па геапалітыцы, дзе былі правільна расстаўленыя акцэнты пра пагрозу Украіне як незалежнай дзяржаве. Вуліцы імя Бжэзіньскага павінныя з’явіцца ў Польшчы, Літве, ува Украіне і Беларусі. Гэтыя краіны ўрэшце аб’яднаюцца на антыімперскіх пазіцыях.

Размаўляў Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў