«Reuters» напісала пра Марыю, яшчэ больш «сакрэтную» дачку Пуціна


Агенцтва Reuters услед за падрабязнай публікацыяй пра малодшую дачку расейскага прэзідэнта апублікавала інфармацыю пра старэйшую, Марыю. Паводле выдання, яна нейкі час жыла ў Нідэрландах, а цяпер робіць кар’еру ў сферы медыцыны, спецыялізуючыся ў эндакрыннай сістэме.

Вядома, што Марыя нарадзілася 28 красавіка 1985 года, вывучала біялогію ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце і медыцыну ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, а пазней выйшла замуж за галандскага бізнесмена Йоррыта Йооста Фаассена, які калісьці працаваў для «Газпромбанку», і цяпер носіць ягонае прозвішча.

Марыя – кандыдат навук у эндакрыналагічным навуковым цэнтры ў Маскве, які вядзе дабрачынную праграму «Альфа-Энда». Праграма дапамагае дзецям з эндакрыннымі захворваннямі і фінансуецца «Альфа-банкам».

Летась у ліпені мэр галандскага гораду Хільверсум Петэр Броертэс нават заклікаў «выкінуць» дачку Пуціна з краіны, бо лічыў Маскву датычнай да катастрофы малаазійскага Boeing-777 у Данецкай вобласці. Пазней ён папрасіў прабачэння за свае словы, назваўшы іх неабдуманымі.

Учора Reuters апублікавала расследаванне пра кіраўніцу фонду «Інапрактыка» Кацярыну Ціханаву – адну з дачок Пуціна, якая валодае актывамі на два мільярды долараў.

Агенцыя спасылалася на ўласныя крыніцы, а таксама на старшыню праўлення «Газпромбанку» Андрэя Акімава. Праз некалькі гадзінаў пасля таго, як публікацыя з’явілася ў сеціве, Акімаў адмовіўся ад сваіх словаў. У Reuters сцвярджаюць, што ў іх ёсць запіс размовы.

ДР, belsat.eu паводле tjournal.ru

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары