Рэальныя і афіцыйныя лічбы працоўнай эміграцыі адрозніваюцца ў дзесяць разоў


Спецыялісты патлумачылі прычыну.

Паводле звестак Дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі, летась працаваць за мяжу выехала 10 700 беларусаў. Для параўнання: у 2016-м на заробкі афіцыйна з’ехала 7 400 чалавек.

Больш за ўсё беларусаў летась выехала на працу ў Расею: 6 156 чалавек. Суседняя краіна пакуль застаецца самым папулярным кірункам для нашых суайчыннікаў.

Частка беларусаў пачала пераарыентоўвацца на працу на Захадзе – напрыклад, у Польшчы. Паводле афіцыйных звестак, туды на заробкі выехала 2 978 чалавек (у 2016 годзе – 931 чалавек).

Рэальных заробкавых эмігрантаў нашмат болей, чымся ў афіцыйных звестках.

МЗС Польшчы ў размове з «Белсатам» заявіла, што польскія кансулаты выдалі беларусам больш як 35 тысячаў працоўных візаў. Гэта амаль на 20 тысячаў болей, чым у 2016-м годзе. І ў 7 разоў болей, чым у 2015-м годзе.

Такія адрозненні ў афіцыйных беларускіх і польскіх лічбах патлумачыла ў размове з «Ежедневным журналом» кіраўнік праграмы «Ла Страда» Алена Несцярук. Паводле спецыялісткі, афіцыйная беларуская статыстыка ўлічвае толькі тых мігрантаў, якія заключаюць працоўныя дамовы з акрэдытаванымі ў Беларусі фірмамі, якія прапануюць працаўладкаванне за мяжой.

«Але закон не перашкаджае ўладкоўвацца самастойна, і тут трэба разумець, што большасць усё ж такі самі шукаюць сабе працу, самастойна з’язджаюць за мяжу», – распавяла Несцярук.

ДД

Стужка навінаў