Раз на год Лукашэнка віншуе па-беларуску. Гэткі дзень – сёння


На афіцыйнае старонцы кіраўніка Беларусі (аўтаматычна яна – па-расейску) апублікаванае беларускамоўнае віншаванне.

Гэтак Аляксандр Лукашэнка традыцыйна павіншаваў удзельнікаў і гасцей урачыстасцей Дня беларускага пісьменства, які праходзіць сёння ў горадзе Іванава на Берасцейшчыне.

«Гэтае свята – знакавая падзея ў культурным жыцці краіны, сведчанне красы і сілы беларускай мовы, духоўных традыцыяў нашага народа. Святкуючы Дзень беларускага пісьменства, мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто ствараў нашую культуру, садзейнічаў асвеце і ўзняў на высокі ўзровень беларускае мастацкае слова», – гаворыцца ў віншаванні.

Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня.

«Продкі пакінулі нам неацэнны скарб – родную мову, выдатнымі ўзорамі якой з’яўляюцца творы Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа. Упэўнены, што, зберагаючы іх спадчыну, сённяшняе пакаленне беларусаў сваёй плённай стваральнай працай будзе ўмацоўваць суверэнітэт і незалежнасць Радзімы», – дадаў Лукашэнка.

На расейскамоўнай версіі афіцыйнага сайту кіраўніка Беларусі можна знайсці 14 віншавальных дакументаў па-беларуску:

  • Пяць віншаванняў з Днём беларускага пісьменства;
  • Тры пасланні удзельнікам і гасцям Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі;
  • Два звароты да чальцоў Саюза пісьменнікаў;
  • Па адным віншаванні удзельнікаў фестывалю нацыянальных культур, калектыву газеты «Культура», з Днём работнікаў культуры і 400-годдзем прыбыцця іконы Маці Божай у Будслаў.

ДД

Глядзі таксама
Каментары