У Расеі пачаліся найбуйнейшыя за 37 гадоў вучэнні. У іх бяруць удзел 300 тыс. вайскоўцаў


11 верасня на Дальнім Усходзе Расеі стартавалі манеўры войскаў «Усход-2018».

У іх бяруць удзел каля 300 тыс. расейскіх вайскоўцаў, больш за тысячу самалётаў, верталётаў і беспілотнікаў, да 36 тыс. танкаў, бронетранспарцёраў і іншых машын, да 80 караблёў і судоў забеспячэння, паведамляе Мінабароны РФ.

Падчас манеўраў, якія працягнуцца да 17 верасня і пройдуць у два этапы, адпрацуюць разгортванне групоўкі войскаў на Дальнім Усходзе, нарошчванне групоўкі сілаў вайскова-марскога флоту, кіраванне міжвідавымі групоўкамі войскаў з практычнай адпрацоўкай абарончых і наступальных дзеянняў.

Да практычных дзеянняў на палігоне «Цугол» далучацца вайсковыя фармаванні Народна-вызваленчай арміі Кітаю.

Манеўры такога маштабу апошні раз былі 37 гадоў таму – падчас вучэнняў «Захад-81».

У Беларусі – свае вучэнні

У той жа час у Беларусі працягваюцца камандна-штабныя вучэнні з удзелам 7,5 тыс. вайскоўцаў, якія пачаліся 6 верасня і працягнуцца да заўтра. У інтэрв’ю «Белсату» вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін звязаў гэтыя дзве падзеі:

«Што да Расеі, то я звяртаю ўвагу на тое, што практычна адначасова адбываюцца вучэнні «Усход 2018», і, як мне падаецца, гэтыя вучэнні ўзгодненыя. Генерал Івашоў, галоўны расейскі вайсковы эксперт, сказаў, што рух на вучэннях адбываецца на ўсход, а мы глядзім на захад. Таму я думаю, што тут ёсць сінхранізацыя каардынацыі дзеянняў беларускіх і расейскіх узброеных сілаў. Калі мы прыгадаем «Захад 2017», то адначасова з гэтай падзеяй Расея праводзіла на сваёй тэрыторыі скаардынаваныя з «Захадам» свае вучэнні. Сітуацыя падобная, толькі тут першую скрыпку грае Расея, а скаардынавана з Беларуссю».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў