Расея – нявыплаты заробкаў, галадоўка рабочых, банкруцтва прадпрыемстваў


Рабочыя Новасібірскага заводу «Сибтрубопроводстроя» абвесцілі галадоўку з прычыны нявыплаты заробкаў. З пачатку года працаўнікі прадпрыемства атрымалі за сваю працу ўсяго па Ru 472 (менш за $ 10). На сайце кампаніі інфармацыі мінімум.

«Мы выжываем усе як можам. Хто за кошт пенсіянераў, хто за кошт дзяцей, якія працуюць. У мяне дачка ў дэкрэтным адпачынку пайшла працаваць, атрымлівае заробак своечасова», – сказала ў інтэрвю тэлеканалу «РЕН ТВ Новосибирск» адна з падманутых працаўніц.

Пяць асобаў абвесцілі галадоўку, аднак пазней адзін з удзельнікаў мусіў адмовіцца ад свайго намеру праз стан здароўя. Цікава, што праўрадавае інфармацыйнае агенцтва ТАСС у панядзелак паведаміла: рабочыя галадоўкі спынілі, што потым зняпраўдзілі самыя ўдзельнікі акцыі.

Яшчэ летась завод пазычаў людзям грошы, аднак сёлета напруга паміж працаўнікамі ды начальствам дасягнула максімуму. Агульная колькасць людзей, перад якімі прадпрыемства мае запазычанасць – 1 тыс. асобаў. Запазычанасць перад крэдыторамі – каля Ru 5 млрд. Праблемы на заводзе не ўнікальныя для рэгіёну. Агульная пазыка васьмі буйных новасібірскіх будаўнічых кампаніяў перад рабочымі – больш чым Ru 250 млн.

Цяпер кампанія – афіцыйны банкрут. Суд палічыў, што прычыны страты плацежаздольнасці выкліканыя «нядобрасумленнымі, неплацежаздольнымі даўжнікамі, нерацыянальнай працаю менеджменту ды кіраўніцтва прадпрыемства». Яшчэ ў 2013 годзе, да ўвядзення эканамічных санкцыяў супраць Расеі ды пачатку крызісу, кампанія была прыбытковая, нават скупала іншыя кампаніі. Некалькі гадоў таму, напрыклад, «Сибтрубопроводстрой» купіў нафтабазу «Красный Яр» з 27 гіганцкімі рэзервуарамі, напоўненымі нафтаю.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Сибтрубопроводстрой» – адна з найбуйнейшых і найстарэйшых расейскіх кампаніяў у будаўніцтве магістральных нафтагазаправодаў. Прадпрыемства супрацоўнічае з шэрагам расейскіх газатранспартавых кампаніяў, найбольш актыўна – з «Газпромам».

Сёлета гэта ўжо далёка не першы выпадак у Расеі. Адною з самых гучных справаў апошняга часу стала галадоўка рабочых касмадрому «Усходні», якія таксама спынялі работу праз нявыплаты. Аналагічная сітуацыя захоўваецца на шэрагу іншых расейскіх прадпрыемстваў. Аднак цярпяць таксама бюджэтнікі. Настаўнікі Мурманску і Забайкалля заяўлялі сёлета пра нявыплату або затрыманне заробкаў.

Гарась Валатовіч, belsat.eu

Стужка навінаў