«Расейскую вясну» ў Крыме прывітаюць мядзведзем і сцягам РФ з бліноў


Расейскія ўлады Крыму абяцаюць правесці Масленіцу з асаблівым размахам – у праграме выступленні творчых калектываў, жывога мядзведзя і выраб сцяга Расейскай Федэрацыі з 5 тыс. бліноў.

Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі журналістам паведаміў старшыня камітэту Дзяржаўнага савету Крыму па санаторна-курортным комплексе і турызме Аляксей Чарняк, падае «Крыминформ».

Па словах арганізатараў, святочная імпрэза, якое адбудзецца 22 лютага, будзе праходзіць пад патранатам крымскага парламенту. «Напярэдадні паўнавартаснай першай расейскай вясны мы не пакінулі ў баку такое выдатнае свята, як Масленіца. Мы запрашаем усіх – і гасцей, і жыхароў паўвыспы да нас на Масленіцу. Незалежна ад таго, якое будзе надвор’е, пазітыўныя эмоцыі і добры настрой мы гарантуем», – падкрэсліў Чарняк.

Арганізатары абяцаюць гасцям больш за 50 спрадвечных расейскіх гульняў і забаў, выступленне двух дзясяткаў творчых калектываў, жывога мядзведзя і традыцыйны карагод са спальваннем пудзіла.

«Будзе абавязкова кірмаш народнай творчасці, будуць прадпрымальнікі. Будзе адназначна, не адна кропка, дзе будуць бліны, як бясплатныя, гэтак і платныя, – запэўніў Чарняк. – Самага вялікага бліна мы рабіць не будзем. Мы зробім самы вялікі сцяг Расейскай Федэрацыі з бліноў».

У лютым-сакавіку 2014 года адбыўся захоп Крыму Расеяй.  Украіна называе паўвыспу «часова акупаванай тэрыторыяй». Паводле Генеральнай Асамблеі ААН, рэферэндум, праведзены ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопалі 16 сакавіка 2014 года аб далучэнні да Расеі, не мае законнай сілы і не можа быць асновай для якой-кольвек змены статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым.

МЯ, паводле c-inform.info

Стужка навінаў