Расейскія самалёты – у паветранай прасторы НАТО. Пуцін уцягвае нас у халодную вайну?


«Гэта ўжо не адзін-два самалёты, як раней, а больш складаныя групы. Траекторыі палёту – так бы мовіць – больш правакацыйныя», – заявіў падчас брыфінгу Галоўнакамандуючы сіламі НАТО у Еўропе генерал Філіп Брыдлаў.

Пуцін дэманструе сілу

На мінулым тыдні сілы НАТО выявілі чатыры групы расейскіх баявых самалётаў у еўрапейскай паветранай прасторы над Балтыйскім, Паўночным і Чорным морам.

29 кастрычніка па трывозе быў падняты знішчальнік F-16 Каралеўскіх супрацьпаветраных сілаў Нарвегіі. Ён выявіў над Паўночным морам чатыры стратэгічныя бамбавальнікі Ту-95 і чатыры самалёты-запраўшчыкі ИЛ-78. Гэтая група самалётаў вылецела з мацерыковай часткі Расеі праз міжнародную паветраную прастору над Нарвежскім морам. Шэсць самалётаў развярнуліся ў бок Расеі, тым часам два бамбавальнікі працягнулі палёт на паўднёвы захад, уздоўж берагу Нарвегіі.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Амаль адначасова з гэтым над Атлантычным акіянам на захад ад Партугаліі сілы НАТО перахапілі два самалёты.

Увечары ў той жа дзень на радарах НАТО з’явіліся новыя баявыя самалёты Расеі, гэтым разам – над Чорным морам у міжнароднай паветранай прасторы. Ізноў гэта былі два стратэгічныя бамбавальнікі, гэтым разам у суправаджэнні двух знішчальнікаў. Усяго цягам двух дзён авіяцыя НАТО перахапіла 26 расейскіх баявых самалётаў.

На мінулым тыдні бамбавальнікі таксама неаднаразова з’яўляліся над Балтыйскім морам і суправаджаліся сіламі Фінляндыі і Швецыі, якія не ўваходзяць у НАТО.

Ад расейскіх вучэнняў да вайны – адзін крок

Калі правакацыі ў паветры маюць быць сігналам для Захаду, то Кіеву Крэмль паслаў яшчэ больш адназначны сігнал. Перад выбарамі, што арганізавалі баевікі «ДНР» і «ЛНР», у Растоўскай вобласці непадалёк расейска-ўкраінскай мяжы адбыліся вучэнні дэсантнікаў.

Жаўнеры адпрацоўвалі высадку проста на поле бою, дыверсійныя аперацыі.

Вядома, што Расея і раней перакідвала войскі на мяжу з Украінаю нібыта дзеля вучэнняў. Потым расейскія артылерысты вялі агонь па ўкраінскіх памежніках і сілах АТО, а дэсантнікі ваявалі непасрэдна на тэрыторыі Украіны. Тыя ж, што трапілі ў палон, сцвярджалі, што «заблукалі».

Супрацьстаянне пачынаецца

Паўночна-атлантычны Альянс таксама не глядзіць на расейскую пагрозу моўчкі. Галоўнакамандуючы сіламі НАТО ў Еўропе генерал Філіп Брыдлаў звярнуўся да Пентагону з просьбаю прадставіць дадатковыя сілы – як тэхніку так і жаўнераў. Гэтыя рэсурсы маюць быць скарыстаныя перадусім на патрэбы краінаў Балтыі. Пасля таго як Пуцін развязаў агрэсію супраць Украіны, НАТО паступова нарошчвае сілы ў гэтых краінах.

У прыватнасці, ствараецца сетка аэрадромаў у Польшчы, Літве, Латвіі і Эстоніі. Цяпер баявое дзяжурства на гэтых аэрадромах нясуць каля двух дзясяткаў баявых самалётаў.

Расея ж працягвае будаваць моцны вайсковы хаўрус з кіраўніцтвам Беларусі і нават будуе новыя базы на тэрыторыі нашай краіны. Праз два гады ў Бабруйску мае паўстаць расейская авіябаза. На ўзбраенні – 24 знішчальнікі.

Раней планавалася размясціць расейскія самалёты на Гарадзеншчыне ці Берасцейшчыне. Але Польшча падпісала з ЗША пагадненне, паводле якога на ўзбраенні польскай авіяцыі з’явяцца высокадакладныя ракеты з радыусам дзеяння каля 400 км. Гэтыя ракеты маглі б знішчыць расейскія сілы ў Лідзе ці Баранавічах. Да Бабруйску ж гэтыя ракеты ўжо не дастануць.

Акрамя таго бабруйскі вайсковы аэрадром, дзе раней была авіябаза СССР, можа змяшчаць і стратэгічныя бамбавальнікі, як у савецкія часы. Паводле беларускага кіраўніцтва, гэта мае ўмацаваць бяспеку краіны. Аднак дастаткова паглядзець на мапу, каб зразумець, што Беларусь ізноў становіцца патэнцыйным полем бою.

Дзмітрый Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў