Рада бяспекі Украіны: калона расейскіх танкаў заехала на Луганшчыну


Украінская выведка мае звесткі пра новыя падмацаванні для тэрарыстаў з боку Расеі. У Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны паведамляюць пра калону з 32 танкаў, 16 гаўбіц і 30 камазаў з жаўнерамі і боепрыпасамі.

«З боку Расейскай Федэрацыі не спыняецца пераброска ў зону АТО вайсковай тэхнікі і жывой сілы. У прыватнасці, учора з тэрыторыі Расеі ў кірунку паселішча Красный Луч, што на Луганшчыне зафіксаванае перамяшчэнне вайсковай тэхнікі, – заявіў падчас брыфінгу прадстаўнік РНБА Андрэй Лысенка.

Ён таксама паведаміў, што за мінулыя содні ў зоне АТА загінулі 5 украінскіх жаўнераў, яшчэ 16 параненыя.

Рада нацыянальнай бяспекі паведамляе пра тое, што асобныя часткі вайскова-транспартнай авіяцыі ў Падмаскоўі ды на Разаншчыне прыведзеныя ў стан баявой гатовасці. «Гэта прадугледжвае магчымасць аператыўнай дастаўкі самалётамі Іл-76 дадатковых падраздзяленняў ім вайсковай тэхнікі да мяжы з Украінаю», – гаворыцца ў заяве РНБА.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў