Рабочыя заводу «Шкловалакно» прынялі рашэнне аб правядзенні страйку


Рашэнне было прынятае на Канферэнцыі рабочых (адбылася 10 кастрычніка), якую арганізаваў Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ). Працаўнікі полацкага прадпрыемства патрабуюць роўнага стаўлення да працоўных заводу, паведамляе vitebskspring.org.

Паводле прафсаюзных лідараў, правядзенне страйку на «Шкловалакне» стала апошняй мерай, каб спыніць здзекі з рабочых у выглядзе «дыскрымінацыі і псіхалагічнага тэрарызавання за ўдзел у Свабодным прафсаюзе».

Правядзенне страйку намечанае на перыяд з 1 лістапада да канца году. Рашэнне пра форму, месца і час страйку будуць прымаць непасрэдна працоўныя падраздзяленняў на месцах без папярэдняга апавяшчэння начальнікаў падраздзяленняў.

«У кожным разе, – кажа прадстаўнік СПБ Віктар Стукаў, – згодна з артыкулам 391 Працоўнага кодэксу працоўны індывідуальна прымае рашэнне наконт далучэння да страйку. Ніякі начальнік ня можа рабочага прымусіць ня ўдзельнічаць у страйку, за гэта прадугледжаная крымінальная адказнасць начальніку».

«Канферэнцыя рабочых заявіла пра страйк у поўнай адпаведнасці з Працоўным кодэксам. У студзені 2017 году прафсаюз заявіў патрабаванне аб калектыўных перамовах, на пачатку ліпеня былі накіраваныя наймальніку прапановы рабочых. 1 жніўня была прынятая новая калдамова (калектыўная дамова. – Заўв. Belsat.eu) без уліку прапановаў рабочых і без тлумачэння прычынаў, чаму ня ўлічаныя гэтыя прапановы… Таму 1 кастрычніка стала відавочным, што згода бакоў наконт калектыўнай працоўнай спрэчкі не дасягнутая», – тлумачыць намеснік старшыні СПБ Мікола Шарах:.

На канферэнцыю работнікаў, арганізаваную СПБ, прыйшлі ўсе (100 %) дэлегаты, якія аднагалосна прагаласавалі за правядзенне страйку, піша vitebskspring.org. Пра колькасць дэлегатаў канферэнцыі і персанальны склад прафсаюз не паведамляе дзеля бяспекі работнікаў.

ЮВ, belsat.eu, паодле vitebskspring.org

Глядзі таксама
Каментары