Пуцін паведаміў, колькі каштавала Расеі аперацыя ў Сірыі


Фота rbc.ua

Фінансаванне аперацыі ў Сірыі ажыццяўлялася перадусім за кошт магчымасцяў Міністэрства абароны Расеі і абышлася прыкладна ў Ru 33 млрд (каля $ 460 млн), заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на сустрэчы з вайскоўцамі, якія бралі ўдзел у аперацыі.

«Вядома, ваенная аперацыя ў Сірыі запатрабавала і пэўных выдаткаў, аднак асноўная іх частка – гэта рэсурсы Міністэрства абароны… каля 33 млрд рублёў – раней ужо была закладзеная ў бюджэт самага міністэрства 2015 года на правядзенне вучэнняў і баявую падрыхтоўку. Мы проста перанакіравалі гэтыя рэсурсы на забеспячэнне групоўкі ў Сірыі », – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэтыя выдаткі сябе цалкам апраўдалі, а мэты расейскай групоўкі ў Сірыі былі ў цэлым выкананыя.

14 сакавіка Пуцін загадаў з аўторка 15 сакавіка пачаць вывад асноўнай часткі расейскай ваеннай групоўкі з Сірыі. Аднак, як адзначыў, Расея ў любы момант можа зноў нарасціць сваю групоўку ў Сірыі, арыентуючыся на бягучую абстаноўку.

Ён запэўніў, што барацьба з тэрарызмам у Сірыі, а таксама з групоўкамі, якія парушаюць замірэнне, будзе працягнутая.

Расейская ваенная аперацыя ў Сірыі пачалася 30 верасня 2015 года. У той дзень Савет Федэрацыі адобрыў выкарыстанне расейскіх войскаў у гэтай краіне. Як растлумачыў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Расеі Сяргей Іваноў, гаворка ішла выключна пра паветраную аперацыю супраць баевікоў забароненай у Расеі групоўкі «Ісламская дзяржава». Неўзабаве пасля гэтага расейскія ваенныя самалёты нанеслі першыя ўдары па пазіцыях баевікоў.

Міжнародная супольнасць крытыкавала Расею за тое, што тая вядзе бамбаванні па лагерах апазіцыі кіраўніка Сірыі Башара аль-Асада ды па мірных жыхарах.

Грамадзянская вайна ў Сірыі цягнецца з 2011 года. За гэты час загінулі каля 250 тыс. чалавек, яшчэ 11 млн зʼехалі з краіны. Урад Башара аль-Асада кантралюе частку краіны, астатняя тэрыторыя фактычна падзелена паміж апазіцыяй і тэрарыстычнымі групоўкамі.

МЯ, паводле interfax.ru

Глядзі таксама
Каментары