Пуцін абрэзаў заробак сабе і сваім ахоўнікам


Прэзідэнт Расеі падпісаў указ, якім самому сабе скараціў заробак.

Паводле ўказу, на 10% скарачаецца зарплата кіраўніку дзяржавы, прэм’ер-міністру і супрацоўнікам адміністрацыі прэзідэнта. Адпаведны дакумент з’явіўся на сайце Крамля ў пятніцу, 6 сакавіка, інфармуе тэлеканал «Дождь».

Уладзімір Пуцін зарабляе ў год $ 115 тыс, паведамляе tsn.ua. Афіцыйны заробак Аляксандра Лукашэнкі – прыкладна ўтрая меншы: $ 33,6 тыс. Пятро Парашэнка за абавязкі кіраўніка Украіны атрымлівае ў год амаль у дзесяць разоў менш, чым Пуцін $11,6 тыс.

Такім чынам, у Расеі на 10% скароцяцца заробкі прэзідэнта, прэм’ер-міністра і кіраўніка Следчага камітэта. Менш будуць атрымліваць працаўнікі адміністрацыі прэзідэнта і апарата ўрада.

На сайце Крамля адзначаецца, што на 10% менш атрымаюць тыя, чый заробак усталёўваецца ў адпаведнасці з указамі «Аб аплаце працы кіраўнікоў некаторых федэральных органаў выканаўчай улады» і «Аб грашовай узнагародзе асобаў, якія замяшчаюць асобныя дзяржаўныя пасады Расейскай Федэрацыі».

Згодна з з першым указам, прэзідэнт Расеі прызначае заробак міністру ўнутраных спраў, міністру ФСБ, міністру абароны, кіраўніку МНС, Федэральнай службы па кантролі за зваротам наркотыкаў, кіраўніку Федэральнай міграцыйнай службы і дырэктару Федэральнай службы аховы. У іншым указе напісана, што кіраўнік дзяржавы ўстанаўлівае зарплаты намесніка старшыні ўрада, паўпрэда прэзідэнта, міністра замежных справаў ды іншых міністраў.

Пра скарачэнне заробкаў Пуцін паведаміў на аператыўным пасяджэнні Савета бяспекі РФ. З прапановаю скараціць зарплаты дэпутатам раней звярнулася Дзярждума ў сувязі з карэктаваннем федэральнага бюджэту на 2015 год.

АК, belsat.eu, паводле tvrain.ru, tsn.ua

Стужка навінаў