5-га лістапада сусветна вядомы сэрвіс «Uber» пачаў працаваць у Менску. Карэспандэнт «Белсату» скарыстаўся прома-кодам і праехаў бясплатна. Для кіроўцы гэта таксама была першая паездка.
Гэта мабільная прылада, якая звязвае карыстальнікаў з кіроўцамі. Каб ёй карыстацца, вы правязваеце сваю банкаўскую картку. Калі замаўляеце машыну і ўводзіце адрас паездкі, кошт паслугі адразу вядомы і грошы аўтаматычна спісваюцца з рахунка.
Пры рэгістрацыі на картцы павінна быць Br 10 тысяч, а на першую паездку для новых карыстальнікаў можна атрымаць промакод на 250 тысяч (UBERDIBY ці HELLOMINSK – уводзіце і едзеце бясплатна) За гэтыя грошы не атрымаецца даехаць да аэрапарта, але вы патрапіце ў любую кропку сталіцы.
«Uber» сёння працуе ў 63 краінах і 300 гарадах. У Беларусі пакуль будзе даступны толькі сэрвіс UberBlack – машыны прадстаўнічага класа і абавязковы дрэс-код для кіроўцаў. Кошты, адпаведна, вышэйшыя за звычайнае таксі на 30%. Падача машыны абыдзецца ў 45 тысяч, кошт за кіламетр яшчэ 7000 і кошт за хвіліну паездкі Br 1250.
У праграме можна адразу пабачыць прыкладны кошт паездкі
Кожны кіроўца мае ліцэнзію і заключае дамову з кампаніяй-пасярэднікам, якая мае дамову ўласна з самім «Uber». Жадаючыя працаваць у новым сэрвісе павінны валодаць уласным транспартным сродкам, год выпуску не павінен быць пазнейшы за 2010 год. Кожны дзень кіроўца будуць праходзіць медычны агляд, а на аўтамабіль будзе складацца выязны ліст, пасажыры застрахаваныя.
Новыя кіроўцы прайшлі тыднёвы падрыхтоўчы курс і павінны былі прадставіць даведку ад адсутнасці судзімасці. Таксама патрабуецца як мінімум трохгадовы стаж за стырном.
Беларуская фішка – бяспека. На канферэнцыі «Дзелавы інтэрнэт», дзе і абвесцілі пра прыход «Uber» у Беларусь пра гэта казалі асобна. Прадстаўнікі кампаніі запэўніваюць, што КДБ не атрымае дадзеных карыстальнікаў, у штаце адзін з лепшых супрацоўнікаў у сферы лічбавай бяспекі. Праўда, у выпадку страты персанальных дадзеных абяцаюць кампенсацыю.
Пра планы і перспектывы сэрвісу ў нашай распавёў «Белсату» генеральны менеджар «Uber» у Беларусі Аляксей Стах.
«Мы з’яўляемся дадатковай альтэрнатывай да гарадской інфраструктуры. На мой погляд, наш прадукт не складае прамой канкурэнцыі таксістам», – адзначыў Аляксей Стах.
Я жыву ў цэнтры, а менавіта тут і ездзяць усе пяць машынаў, якія пакуль бачна на мапе Менску. Час даезду – тры-чатыры хвіліны. Я спадзяюся на геалакацыю і дадатак памыляецца з адрасам. Кіроўца чакае мяне ў суседнім двары, але і я бачу ягоны нумар, і ён мой, таму гэта не становіцца праблемай.
Таксоўскага братэрства няма – мой суразмоўца не ведае, колькі ў Менску працуе яго калегаў, у «Uber» няма офісу ды стаянкі, кіроўцы не бачацца адзін з адным.
Заробак фіксаваны, ён не залежыць ад колькасці пасажыраў. Але даведацца пра суму не атрымоўваецца.
Для Андрэя гэта першая паездка і ён цікавіцца, ці сапраўды зручна замаўляць.
Я пытаюся, ці не баіцца ён пратэстаў звычайных таксоўшчыкаў – так было ў Брытаніі і Францыі, дзе «Uber» адваёвывае рынак перавозак. Андрэй не перажывае. У Беларусі пакуль будзе працаваць толькі «UberBlack», гэта зусім іншая коштавая ніша. З заканадаўствам, здаецца, таксама парадак – у некаторых краінах парламенты разглядаюць магчымасць антыубераўскіх паправак, напрыклад, у Бельгіі. Не заўжды атрымоўваецца кантраляваць платформу, якая сама не кантралюе сваіх супрацоўнікаў. Да таго ж, дзяржавы могуць губляць грошы – не ўсе супрацоўнікі атрымоўваюць ліцэнзіі таксоўшчыкаў.
Я не плаціў, бо скарыстаўся промакодам. Дарэчы, адметнасць любых сэрвісаў «sharing economy» – пастаянныя зніжкі. Апроч першай бясплатнай паездкі, «Uber» прапаноўвае запрашаць сяброў з вашым кодам. Як толькі яны ажыццяўляюць першую паездку, на ваш рахунак залічваецца яшчэ 200 тысяч.
Іван Шыла, belsat.eu