Беларуса-прыхільніка «Ісламскай дзяржавы» асудзілі на 12 гадоў турмы


34-гадовага беларуса Віцебскі абласны суд прызнаў вінаватым у распальванні расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасці (ч.1 ст. 130 КК РБ), незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй (ч. 4 ст. 295), а таксама вырабе і распаўсюдзе парнаграфіі (ч. 2 ст. 343). Абвінавачаны атрымаў 12 гадоў турмы.

Як паведамілі belsat.eu у прэс-службе Віцебскага абласнога суду, справу разглядала выязная калегія ў Полацкім раённым судзе. З чым звязанае такое рашэнне – не ўдакладняецца. Пры гэтым працэс быў адкрытым, аднак ніводнага прадстаўніка СМІ на ім не прысутнічала.

Паводле дадзеных следства, у 2013 годзе абвінавачаны выехаў у Нямеччыну, дзе пазнаёміўся з бежанцамі з Чачэніі і Дагестана, змяніў веравызнанне і прыняў радыкальны іслам. Пасля гэтага палачанін пачаў распаўсюджваць праз «Укантакце» прапагандысцкія матэрыялы Ісламскай дзяржавы.

У 2015 годзе ён быў дэпартаваны з Нямеччыны, аднак не спыніў сваёй дзейнасці. Апроч «Укантакце», ён пачаў рассылаць рэлігійна-экстрэмісцкія матэрыялы праз WhatsApp і «Тэлеграм».

Летась ісламіст пачаў цікавіцца выбухоўкамі і набыў у адным з райцэнтраў хімічныя і электратэхнічныя кампаненты для іх вырабу. Выкарыстаўшы інструкцыю, знойдзеную ў інтэрнэце, ён вырабіў выбуховае рэчыва, якое захоўваў у кватэры па месцы свайго жыхарства да выяўлення 28 кастрычніка 2016 года супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

«Таксама ў кватэрах па месцы жыхарства і па месцы рэгістрацыі абвінавачанага былі знойдзеныя гатовыя да збору складнікі сродку ініцыявання і самаробнай выбуховай прылады», – паведамляе Віцебскі абласны суд.

Акрамя таго, абвінавачванага інкрымінавалі распаўсюд порнаматэрыялаў праз сацыяльныя сеткі.

Такім чынам, ён прызнаны вінаватым у распальванні рэлігійнай і сацыяльнай варожасці, распаўсюдзе порнаматэрыялаў, а таксама незаконным вырабе і захоўванні выбуховых рэчываў. Агульны тэрмін пакарання – 12 гадоў калоніі строгага рэжыму.

Прысуд не набыў законную сілу і можа быць абскарджаны абвінавачаным у вышэйшай інстанцыі.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары