Прэзідэнт Еўрапейскага банку развіцця: У паветры больш надзеі на рэформы ў Беларусі


Эканамічная сітуацыя ў Беларусі – вельмі складаная, але надзеі на рэформы ў Беларусі растуць, распавёў «Белсату» прэзідэнт Еўрапейскага банку развіцця Сума Чакрабарці.

На думку спадара Чакрабарці, існая эканамічная сітуацыя ў Беларусі надзвычай сурёзная. Паводле яго прагнозаў, ВУП расейскай эканомікі скароціцца на 5%, што адабецца на беларускай эканоміцы, ВУП якой зменшыцца на 1,5 %. «Гэта – вельмі сурёзна. Гэта – працоўныя месцы, гэта – прамысловасць, усё гэта рэчы, якія маюць значэнне ў жыцці. Таму наша праца, як міжнароднай арганізацыі – дапамагчы краіне, якая выбіраецца з гэтай сітуацыі. І я задаю пытанне сабе і сваёй камандзе – што мы можам зрабіць? Што мы можам зрабіць інакш, нешта – што магло б дапамагчы ў гэтай сітуацыі?», – заўважыў суразмоўнік «Белсату».

Прэзідэнт Еўрапейскага банку развіцця хацеў бы бачыць у Беларусі рэформы, якія кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка анансаваў у сваім дэкрэце № 4 у 2010-ым годзе, калі ён анансаваў штуршок у бок прыватызацыі і рэформаў, якія б маглі стаць рухавіком для развіцця прыватнага сектару. «Прыватны сектар у Беларусі гэта – усяго толькі 25-30 %. Гэта – вельмі нізкі ўзровень. І наша праца, як арганізацыі, якая верыць у прыватны сектар у якасці рухавіка для развіцця эканомікі, – дапамагаць. Але для гэтага патрэбныя рэформы, рух у бок прыватызацыі, рух у бок эканамічнай эфектыўнасці – усе гэтыя рэчы, якія маглі б дапамагчы нам інвеставаць больш».

Спадар Чакрабарці лічыць цікавым структуру новага ўраду Беларусі, дзе ёсць людзі, якія маюць папярэдні досвед працы ў прыватным сектары. «Таму цяпер у паветры – больш надзеі, што некаторыя рэформы могуць быць учыненыя. Тым болей, што неадкладная патрэба для гэтага – ёсць. Бо расейская эканоміка, якая была галоўным драйверам эканомікі ў Беларусі, – у складанай сітуацыі. Беларусь павінна стаць гаспадаром свайго лёсу, свайго эканамічнага лёсу, правядзеннем рэформаў, каб мець магчымасць прыцягнуць інвестараў».

Паводле некаторых уцечак інфармацыі, заўважыў кіраўнік Еўрапейскага банку развіцця, у беларускім урадзе ёсць разуменне неабходнасці рэформаў. «Людзі разумеюць, што гэта патрэбна тэрмінова. Любы ўрад павінен рэагаваць на гэтую патрэбу, гэтую неабходнасць. Я ня думаю, што сітуацыя зменіцца без таго, каб урад праводзіў рэформы. І я не лічу, што гэта павінна быць прывязана да электаральных цыклаў. Гэта павінна быць прывязана да патрэбаў краіны ў доўгатэрміновай перспектыве».

СІ, belsat.eu

Стужка навінаў