Пуцін хоча адправіць расейскіх мытнікаў у Беларусь


Падчас сваёй прэс-канферэнцыі прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выказаў меркаванне, што варта выставіць змешаныя мытныя пасты на межах краінаў Еўразійскага эканамічнага звязу.

Удзельнікі мерапрыемства перакрыквалі адзін аднаго і махалі плакатамі, каб іх заўважылі, а Пуцін і ягоны прэсавы сакратар з усмешкаю на твары выбіралі, каму даць магчымасць задаць пытанне.

Прэс-канферэнцыя Пуціна.
Фота: Aleksey Nikolsky/globalookpress.com

У гэтым артыкуле мы прапануем найбольш важныя для беларусаў вытрымкі з амаль 4-гадзіннага сеансу адказаў Пуціна на пытанні журналістаў.

Расейскія мытнікі ў Берасці?

Прэзідэнт РФ заявіў пра патрэбу «развіцця» мытнага рэгулявання ў Еўразійскім эканамічным звязе, у які ўваходзіць і Беларусь.

Ён сказаў пра патрэбу ўвесці электроннае дэклараванне і адсочванне тавараў, а таксама сумесныя мытныя пасты на межах краін ЕАЭС.

«Ёсць пытанне па мытным рэгуляванні… Мы дамаўляліся, я думаю, мы гэта зробім – электроннае дэклараванне тавараў, адсочванне іх руху… Сумесныя пасты. Некаторыя мае калегі мяркуюць, што гэта няправільна, але я паспрабую іх пераканаць. Што тут дрэннага, калі на нашай мытні будуць з’яўляцца мытнікі з Беларусі ці Казахстана і будуць працаваць нейкі час разам з калегамі, а нашыя будуць зʼяўляцца на іхных мытных пастах. Гэта не парушае прынцып суверэнітэту», – дадаў Пуцін. Акрамя Беларусі, Казахстана і Расеі ў ЕАЭС уваходзяць таксама Арменія і Кіргізія.

Таксама Пуцін, даказваючы карысць ЕАЭС, сказаў, што Беларусь мае права набываць у РФ 24 млн тон нафты без мытаў штогод. Аднак не згадаў, што Масква рэгулярна шантажуе Менск абʼемамі паставак чорнага паліва на беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы.

«Расейскіх войскаў на Данбасе няма»

Пуцін заявіў, што расейскіх войскаў на Данбасе няма, і што менавіта Украіна вінаватая ў тым, што затрымліваецца працэс абмену палоннымі ды не адбываецца ўвод міратворцаў.

Кіраўнік РФ сказаў, што не супраць міратворцаў і нават перадачы Данбасу пад міжнародны кантроль, «але для гэтага кіеўскім уладам трэба дамаўляцца з самім Данбасам».

Прэс-канферэнцыя Пуціна.
Фота: kremlin.ru

Адначасова ён рэзка раскрытыкаваў экс-прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, які атрымаў грамадзянства Украіны і пачаў змаганне за ўладу з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

«Гэта плявок у грузінскі народ і ў украінскі народ. Як вы гэта трываеце?», – сказаў Пуцін.

Пуцін, не каментуючы выпадкі захопу ў палон групаў расейскіх вайскоўцаў ва Украіне, назваў расейцаў і ўкраінцаў адным народам, адначасова згадаўшы, што многія рэгіёны сучаснай Украіны маглі б належаць Расеі.

Вінаватыя ў канфлікце тыя, хто здзейсніў у Кіеве «дзяржаўны пераварот», дадаў Пуцін.

«Навальны = Саакашвілі»

Адказваючы на пытанне журналісткі і магчымай кандыдаткі ў прэзідэнты РФ Ксеніі Сабчак пра допуск да выбараў расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, Пуцін, традыцыйна не называючы імя свайго крытыка, фактычна выключыў магчымасць рэгістрацыі Навальнага на выбарах.

Ксенія Сабчак задае пытанне Пуціну. Фота kremlin.ru

Пуцін заявіў, што расейскаму народу не патрэбныя Майданы і такія людзі як Міхаіл Саакашвілі.

«Наконт персанажаў, якіх вы згадалі… Вось ужо ставілі тут пытанне пра Украіну. Вы хочаце, каб такія «саакашвілі» дэстабілізавалі сітуацыю ў краіне? Вы хочаце, каб мы трывалі ад аднаго майдану да іншага? Вы хочаце, каб у нас былі спробы дзяржаўных пераваротаў… Абсалютная большасць расейцаў гэтага не хоча. Мы не хочам другога выдання Украіны для сённяшняй Расеі і не дапусцім», – заявіў Пуцін.

«Блеф» і «лухта»

Пуцін не адказаў польскаму журналісту на пытанне, чаму Варшава не можа атрымаць корпус летака для заканчэння следства па гібелі польскага прэзідэнта Леха Качыньскага ў авіякатастрофе пад Смаленскам у 2010 годзе.

«Мы стаміліся ад падобнага блефу. Лухта нейкая. Нясуць бязглуздзіцу», – сказаў Пуцін у адказ на пытанне польскага журналіста пра тое, ці магчыма, што на самалёце адбыліся выбухі.

Выхад з Сірыі?

У сувязі з тым, што нядаўна Пуцін абвесціў перамогу над «Ісламскай дзяржавай» і спыненне расейскай вайсковай аперацыі ў Сірыі, яму задалі пытанне пра будучыню Сірыі, колькасць і тэрміны выхаду расейскіх войск.

Кіраўнік РФ не адказаў на гэтыя пытанні. Раней амерыканскія крыніцы заявілі, што заўважнага скарачэння расейскага кантынгенту не адбываецца, а абʼяўленне пра «перамогу» было заўчасным.

Карэйская бомба і супраца з ЗША

Пуцін даў зразумець, што не плануе падтрымліваць нейкія заходнія санкцыі ў сувязі з ядравай і ракетнай праграмамі КНДР, і абвінаваціў саміх ЗША ў зрыве дыялогу з Пхеньянам.

Кіраўнік РФ не выключыў, што Расея будзе супрацоўнічаць з Вашынгтонам і іншымі краінамі кааліцыі, якія вядуць вайну супраць ісламістаў у Афганістане, бо вялікая частка мяжы гэтай дзяржавы з постсавецкімі азіяцкімі краінамі нясе пагрозу і для Масквы.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў