Празрысты бюджэт, сабачая пляцоўка і вада. Пра што кажуць кандыдаты ў дэпутаты ў мясцовыя Саветы на Віцебшчыне

video

Кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў Алена Янушкоўская і Ірына Захарава

На Віцебшчыне кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў Алёна Шабуня, Ірына Захарава і Алена Янушкоўская разам з іншымі сябрамі аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» падчас выбарчай кампаніі збіраюць подпісы за тое, каб зрабіць празрыстым выкарыстанне бюджэту.

Паводле кандыдатак, у Віцебскай вобласці шмат прыкладаў бязглуздага марнавання бюджэтных грошай. Таму праблема празрыстасці мясцовых бюджэтаў стала адной з галоўных у іх перадвыбарчых кампаніях.

Подпісы за празрысты бюджэт збіраліся як па кватэрах, так і на пікетах пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Катлаван

Алёна Шабуня вылучаецца ў Віцебскі гарадскі савет дэпутатаў па акрузе №22. Гэтая акруга знаходзіцца ў віцебскім мікрараёне Білева, дзе жывуць каля 40 тыс. чалавек, з іх больш за чвэрць – дзеці. Таму ў раёне адчуваецца востры недахоп школаў (яна ўсяго адна) і дзіцячых садкоў.

Пад другую школу ў 2015 годзе вырылі катлаван, аднак будаўніцтва спынілася, а ў катлаване, які пакінулі без нагляду, у чэрвені 2016 года загінуў хлопчык. Пасля катлаван закапалі, але праз пэўны час ізноў вырылі. На запыт актывістаў у гарвыканкаме адказалі, што на гэтыя працы не былі выдаткаваныя бюджэтныя сродкі, але так і не патлумачылі, за якія грошы ўсё рабілася.

Алёна Шабуня

Алёна Шабуня адзначае, што ў горадзе ёсць шмат даўгабудаў сацыяльна важных аб’ектаў, у якіх маюць патрэбу віцябляне. Аднак пры размеркаванні бюджэту на 2018 год у дэпутатаў гарсавету ў прыярыцеце рэканструкцыя вуліцы Леніна і ўсталяванне на ёй помніка княгіні Вользе. Неабходнасць гэтага кроку выклікае ў жыхароў гораду шмат пытанняў. Да таго ж, грошай на заасфальтаванне шэрагу вуліц у цэнтры Віцебску дэпутаты ў бюджэце знайсці не могуць, падкрэслівае Алёна Шабуня.

Апанент Алёны Шабуні па Школьнай выбарчай акрузе № 22 – Алег Шымчанка, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Віцебскі завод трактарных запасных частак», дзейны дэпутат, намеснік старшыні Віцебскага гарадскога Савету.

Сабачая пляцоўка і водаправод

Перадвыбарчы пікет апазіцыйных кандыдатаў

Кандыдатка ў дэпутаты Віцебскага гарсавету Ірына Захарава, акрамя празрыстасці бюджэту, імкнецца дамагчыся зносу гарадской пляцоўкі для выгулу сабак. Паводле кандыдаткі, яна ўсталяваная з парушэннямі санітарных нормаў і без згоды грамадзян. На яе месцы Захарава прапаноўвае ўсталяваць дзіцячую пляцоўку і месцы для адпачынку жыхароў прылеглых дамоў. Дарэчы, барацьба мясцовых актывістаў за знос сабачай пляцоўкі ідзе з 2014 года.

Апанентка Ірыны Захаравай па Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 – Галіна Пузанава, галоўны ўрач Віцебскага абласнога дзіцячага клінічнага цэнтру. Яна ўжо два тэрміны працавала дэпутатам мясцовага Савета.

Алена Янушкоўская, жыхарка вёскі Суйкава, з’яўляецца кандыдатам у дэпутаты ў раённы і абласны Саветы. У цэнтры ўвагі яе перадвыбарчай кампаніі – праблемы вяскоўцаў. Янушкоўская на працягу 10 год змагаецца за тое, каб у вёсцы нарэшце правялі водаправод, бо сёння ў Суйкава вялікія праблемы з пітной вадою.

Займаецца актывістка і праблемамі жыхароў іншых вёсак. Гэтак, у Заронава скардзіліся, што ў іх доме цячэ дах – у кватэрах зʼявілася цвіль.

Пасля таго, як Янушкоўская прыцягнула ўвагу чыноўнікаў да сітуацыі, прайшло крыху больш за месяц. У двух дамах адрамантавалі дахі, пачалі рамонт у трэцім. Гэты выпадак Янушкоўская лічыць прыкладам станоўчых вынікаў сваёй грамадскай працы.

Апанент Алены Янушкоўскай на выбарах у аблсавет – Руслан Вінакураў, старшыня Віцебскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а на выбарах у райсавет – Святлана Антоненка, настаўніца гісторыі ў Суйкаўскай сярэдняй школе.

Пікеты толькі пад БЧБ

Змаганне актывістак не абмежоўваюцца выбарчымі кампаніямі, але падчас выбараў у іх ёсць магчымасць казаць пра праблемы на дазволеных пікетах. У Віцебску прайшло ўжо некалькі тэматычных пікетаў: прысвечаны дзейнасці дэпутатаў, да 100-годдзя БНР, у падтрымку незалежнай прэсы і журналіста з Глыбокага Змітра Лупача, а таксама пікет, на якім мінакам уручаліся сімвалічныя ключы ад новых дзіцячых садкоў, школы і паліклінікі. За кожнай такой акцыяй пільна сачылі людзі ў цывільным з відэакамерамі.

У адрозненне ад апазіцыйных, праўладныя кандыдаты пікеты не праводзяць, інфармацыі пра сустрэчы ў працоўных калектывах нідзе няма. Дзейных дэпутатаў у Віцебску амаль не ведаюць і не вераць, што мясцовыя Саветы здольныя вырашаць праблемы грамадзянаў.

 

Крысціна Авакумава, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары