Праз будоўлю метро Менск можа пазбавіцца ўнікальнай драўлянай забудовы


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=kzSPk7ukr2o&feature=youtu.be”][/vc_column][/vc_row]Ужо трэцяя лінія метро пагражае помніку архітэктуры канца XIX стагоддзя.

Завулак Паўночны, Менск. Тут пакуль яшчэ захаваліся помнікі архітэктуры канца XIX стагоддзя, але ці надоўга? Дэмантаж аднаго з будынкаў пачаўся, чарга за наступнымі. Што праўда, улады супакойваюць: драўляная забудова з завулку хоць і перанясецца ў іншае месца, але застанецца такая ж, як была і дагэтуль. Тут жа прыблізна праз два гады мае паўстаць станцыя ўжо трэцяй лініі метро «Плошча Францішка Багушэвіча».

«Паводле закону «Аб ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь», артыкул 28, другі пункт, калі помнік архітэктуры, любая нерухомая каштоўнасць не можа быць захаваная на месцы, дзе яна «нарадзілася», яе трэба перанесці», – кажа архітэктар і рэстаўратар Уладзіслаў Рута.

Пытанне ж у тым, ці зробяць гэта якасна: ці не нашкодзіць пераезд гістарычным будынкам і ці адновяць іх менавіта ў першасным выглядзе? Наконт гэтага адмыслоўцы маюць сумневы. Не задаволеныя і жыхары, яны даўно чакалі пераезду: замест старых дамоў без выгадаў чыноўнікі ім даўно абяцалі новыя кватэры.

«Я прывозіў сюды нават міністра культуры, ён казаў, што мы тут рамёствы зробім і ўсё такое, вас адселім. А вось табе і рамёствы, і адсялілі называецца», – распавядае адзін з жыхароў.

Гэтак жа ж тут жывуць і жыхары, чыіх дамоў пераносіць не збіраюцца. З аднаго боку дваццаць першае стагоддзе, сталіца, а ўмовы, як у Сярэднявеччы.

«Людзей паставілі перад фактам: ты нікуды не ўцячэш, жыві так, як цябе прымушаюць. А так жыць горш, чым у любой самай горшай вёсцы. Абяцаюць яшчэ і калонку прыбраць», – кажа адна з жыхарак.

Таму жыхароў завулку зусім не цешыць той факт, што жывуць яны ў гістарычных дамах. Для сталічнай жа архітэктуры – страта адзінай кампактнай драўлянай забудовы была б незваротнаю. Таму важна, каб пасля пераносу яна захавалася ў тым самым выглядзе, у якім мы бачым яе сёння.

Ганна Русінава

Стужка навінаў