Праз амерыканскі Instagram Кадыраў заклікае перайсці на расейскі Vkontakte


Кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі раіць замест амерыканскіх смартфонаў і сацыяльных сетак карыстацца айчыннымі аналагамі.

Рамзан Кадыраў, які з’яўляецца актыўным карыстальнікам Instagram, праз свой акаўнт пахваліўся новай расейскай распрацоўкай YotaPhone 2. Смартфон яму дастаўся ў падарунак ад расейскай журналісткі і грамадскай дзяячкі Ціны Кандэлакі.

Рамзан Кадыраў лічыць, што расейцы, набываючы дзясяткамі мільёнаў iPhone, фінансуюць вайскова-прамысловы комплекс ЗША. Таксама палітык заўважае, што суайчыннікі «сядзяць» у амерыканскіх сацыяльных сетках, падвышаючы тым самым іх кошт, у той час як расейскі «vkontakte.ru нічым не горшы».

«Патрыятызм, любоў да Айчыны павінны праяўляцца на справе! Адных словаў недастаткова!» – так заканчвае свой допіс у Instagram Рамзан Кадыраў.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў