Правал «Суворава» ў Беларусі. Як Сталін не змог узяць Менск амаль на год раней


Аляксандр Сувораў – ці не самы знакаміты расейскі военачальнік, якому прыпісваюць непераможнасць. Ён ваяваў у Прусіі, Крыме, Малдавіі, Італіі, душыў вызваленчае паўстанне Тадэвуша Касцюшкі ў Беларусі і Польшчы. І хоць як раз апошні ягоны паход – у Швейцарыі – скончыўся стратэгічнай няўдачай, самая вялікая і крывавая параза, якая асацыюецца з імён Суворава, напаткала яго на нашых землях – землях Усходняй Беларусі, амаль праз 150 год пасля ягонай смерці.

Сталася гэта таму, што Сталін з 1943 году палюбіў даваць ваенным аперацыям гучныя імёны дасавецкіх палкаводцаў. Гэтак, фельдмаршалы Расейскай імперыі Румянцаў і Кутузаў сталі «хроснымі бацькамі» савецкіх аперацый у Украіне летам 1943 году. Аднак на гэтым новаствораная традыцыя раптам перарываецца.

Здавалася б, мусіць адбыцца быць вялізарны «сталінскі ўдар», названы ў гонар самага вядомага фельдмаршала – Суворава. Аднак паспяховае і маштабнае наступленне лета 1944 году ў Беларусі носіць імя расейскага генерала Баграціёна – зоркі зусім не першай велічыні. Менавіта падчас гэтага наступлення савецкія войскі ўзялі Менск 3 ліпеня, што зараз афіцыйна святкуецца як «дзень незалежнасці» Беларусі.

Аднак савецкае кіраўніцтва аддавала сваім войскам загады авалодаць Менскам куды раней – яшчэ восенню папярэдняга 1943 году.

Чаму ж амаль ніхто не ведае пра аперацыю «Сувораў»? Чаму ж беларускі афіцыйны «дзень незалежнасці» адбыўся толькі летам 1944 году?

Паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні і разгледзім сітуацыю, якая склалася ў верасні-кастрычніку 1943 году ў Беларусі і на савецка-нямецкім фронце.

«БЕЛАРУСКІ БАЛКОН»

У 1941 годзе нямецкі бліцкрыг пракаціўся па тэрыторыі Беларусі, пайшоў далей на ўсход і спыніўся толькі пад Масквой.
Наша зямля апынулася ў нямецкім тыле, але не атрымала ані хвіліны спакою – пачаўся нацысткі тэрор, паступова ў выглядзе дзейнасці савецкіх партызанскіх атрадаў і рознага роду спецгрупаў НКУС аднавіўся і тэрор камуністычны. Да таго ж на Заходняй Беларусі часам прымалі вострую форму канфлікты польскіх і беларускіх нацыяналістаў.

З гэтага часу баявыя дзеянні на фронце сталі для амаль усіх беларусаў перыферыяй гісторыі народа і засталіся такімі як мінімум на тры гады. Галоўнай вайной для Беларусі ўжо назаўсёды стала вайна партызанская і антыпартызанская, унутраная і трагічная, вайна без дакладнай лініі фронту. «Вялікая» сусветная вайна, канешне, нагадвала пра сябе – новымі нямецкімі падаткамі і эшалонамі з войскамі, якія праходзілі па беларускай чыгунцы, савецкімі бомбамі, якія падалі на Менск і іншыя беларускія гарады, планамі, якія рыхтаваліся на розныя выпадкі беларускімі патрыётамі.
Аднак сурёзна рэгулярная вайна падышла да Беларусі толькі пад канец лета 1943 году – калі з поўдня, як і ў 1941 годзе, Палессе зноў зрабілася малапраходнай нейтральнай лініяй паміж савецкімі войскамі ў Украіне і нямецкімі ў Беларусі, а з усходу пачалася савецкая наступальная аперацыя з гучнай назвай «Сувораў».

Захоп Смаленску расцягнуўся амаль на 2 месяцы – з пачатку жніўня па кастрычнік 1943 году. Пасля цяжкіх баёў старажытны горад быў заняты савецкімі войскамі 25 верасня.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

«АВАЛОДАЦЬ СТАЛІЦАЙ БЕЛАРУСІ…»

Поспехі савецкага наступлення на Украіне і адначасова цяжкі, але ўсё ж такі паспяховы рух на Смаленск стварылі пэўную эйфарыю ў Маскве – вельмі падобную да той, якой савецкая Стаўка была апанаваная зімой 1941 году пасля Маскоўскага контрнаступу.

Таму планы аперацыі «Сувораў» былі куды больш маштабнымі. Гэта пасля вайны савецкія гісторыкі сталі лічыць, што яна абмяжоўвалася толькі Смаленскай аперацыяй і закончылася 2 кастрычніка 1943 году.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Аднак яшчэ 1 кастрычніка Стаўка савецкага Вярхоўнага галоўнакамандавання і думаць не хоча пра тое, каб спыніць «Суворава»:

«Задача войск Цэнтральнага фронту: наносячы галоўны ўдар у агульным кірунку Жлобін, Бабруйск, Менск, разграміць жлобінска-бабруйскую групоўку праціўніка і авалодаць сталіцай Беларусі Менскам. Утварыць асобную групу войск для наступу па паўночнаму берагу р.Прыпяць у кірунку Калінкавічы, Жыткавічы.

Бліжэйшая задачы – авалодаць [рубяжом] Быхаў, Жлобін, Калінкавічы, у далейшым выйсці на фронт Менск, Слуцк, р. Случ. Справа – Заходні фронт наступае ў агульным кірунку Ворша, Барысаў, Маладзечна… І.Сталін».

Ужо восенню 1943 году ў Маскве планавалі заняць усю Беларусь, пішуць беларускія гісторыкі Іван Басік і Аляксей Літвін ў афіцыйнай працы Інстытуту гісторыі НАН Рэспублікі Беларусь «Беларусь в годы Великой Отечественной войне 1941–1945».

Чаканні былі такія вялікія, што дасягнулі савецкіх партызан у Цэнтральнай і нават Заходняй Беларусі. З Масквы толькі зараз, калі думалі, што хутка можна будзе выкарыстоўваць мясцовыя рэсурсы ў савецкіх мэтах, пачалі прыходзіць загады аб тым, што варта б не замінаць сялянам у іхных працах, менш паліць млыны і іншую інфраструктуру, дапамагаць сеяць азімыя і г.д.

Напэўна найбольш анекдатычным шляхам пайшоў камандзір партызанскай брыгады імя Варашылава Фёдар Маркаў, які дзейнічаў пад Вілейкай і як раз у гэтыя дні аддаў такі дзіўны загад:

«1. Пры кожным атрадзе арганізаваць звяз з халоднай зброяй (пікамі) кавалерыю…»

Відаць, збіраўся таварыш Маркаў, які меў ужо ранг палкоўніка, але пры гэтым ані ваеннай адукацыі, ані досведу службы ў арміі, гнаць і калоць адступаючых немцаў і мясцовых паліцэйскіх пікамі сваёй партызанскай конніцы. На жаль, знайсці, якія вынікі былі ў гэтай «шматабяцальнай» ідэі ў часы панавання аўтаматычнай стралковай зброі, пакуль не атрымалася.

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

Сказана-зроблена. Савецкі Цэнтральны фронт 16 кастрычніка загадана называць «Беларускім фронтам», маючы на ўвазе, што ён будзе наступаць у Беларусі. Атака за атакай жаўнеры і танкі і шлі ў бой на здавалася б знясіленую пасля баёў пад Смаленскам Групу войскаў «Цэнтр».

ЯК «СУВОРАЎ» ЗГУБІЎ СВАЮ СЛАВУ

Першая аперацыя па штурму Воршы была праведзеная 12-18 кастрычніка, наступная 21-26 кастрычніка, яшчэ адна 14-19 лістапада, наступная 30 лістапада-2 снежня…

Толькі Заходні фронт правёў з кастрычніка 1943 па 1 красавіка 1944 года і толькі на віцебскім і аршанскіх кірунках 11 наступальных аперацый.

«Усе гэтыя аперацыі скончыліся беспаспяхова, і фронт не вырашыў задачы, якія былі пастаўленыя Стаўкай», – гаворыцца ў дакладзе Сталіну, які быў складзены 11 красавіка 1944 года.

«Заходні фронт пры правядзенні ўсіх аперацый заўсёды меў значную перавагу ў сілах і сродках над праціўнікам, якое дазваляла безумоўна разлічваць на поспех», – бязлітасна дадавалі аўтары даклада.

Сітуацыя на Цэнтральным фронце была ненашмат лепшай – аніводны горад, які планавалася захапіць напачатку кастрычніка, не быў узяты восенню і нават зімой 1943 году. Праўда, 26 лістапада ўсё ж такі атрымалася ўзяць Гомель, але ён нават не згадваўся ў першапачатковых загадах Стаўкі.

Што ж здарылася?

Дрэнна працавалі камандуючыя і іхныя штабы, якія аддавалі падначаленым мала часу на падрыхтоўку да наступу ды проста пагарджалі іхнымі патрэбамі. Артылерыя страляла падчас артылерыйскай падрыхтоўкі шмат, але часта трапляла міма, у выніку чаго пяхота ішла на цэлыя нямецкія пазіцыі і несла вялікія страты. Для выведкі і карэктавання агню мала і дрэнна выкарыстоўвалася авіяцыя. Як звычайна малаэфектыўнай была каардынацыя паміж рознымі радамі войск.

Як толькі пачынаецца атака, сувязь пяхоты з артылерыяй увогуле гублялася. Не дапамагае нават самаходная артылерыя, якая быццам б мусіць ісці ў бой непасрэдна разам з пяхотай. У той ж час нямецкая артылерыя страляе трапна – падчас некаторых аперацый да 70-80% савецкіх страт з’яўляюцца вынікам агню гармат і мінамётаў, паведамлялі савецкія афіцэры.

Дрэнна выкарыстоўваліся і вялікія танкавыя злучэнні – спрабуючы хоць нешта зрабіць з нямецкай абаронай пад Воршай у лістападзе 1943 году, прарываць яе паслалі танкавы корпус, атакі якога скончыліся гэтаксама, як і атакі пяхоты. Тое ж самае атрымалася і пад Віцебскам у снежні, і на багушэўскім кірунку ў студзені 1944 году.
«Згубіўшы да 70% складу, танкавы корпус прайшоў з пяхотай 2-4 км і пасля гэтага быў выведзены з бою», – паведамляецца Стаўцы.

Цікава, што крытыкуюць за дрэнную працу і выведку, хаця здавалася б, тыл нямецкіх войск на тэрыторыі Усходняй Беларусі быў густа насычаны савецкімі партызанскімі атрадамі. Слова «партызан» увогуле не гучыць у дакладзе 11 красавіка, што прымушае задумацца пра тое, ці ўплывалі партызанскія злучэнні ўвогуле на сітуацыю на фронце.

[vc_single_image image=”9″ img_size=”large”]

Агентура савецкай ваеннай выведкі ў Усходняй Беларусі таксама рэгулярна правальваліся, дый увогуле часта была палітычна ненадзейнай, імгненна згаджалася працаваць на немцаў, пішуць аўтары даклада. А гэта ўжо выклікае пытанне аб стаўленні мясцовага насельніцтва да «вызваліцеляў».

Больш за тое, у гэтых наступах выкарыстоўвалі шмат маладых і здаровых мясцовых – усходнебеларускіх, смаленскіх, бранскіх толькі што «вызваленых» хлопцаў, якіх амаль неабучанымі кідалі ў бой. Яны і гінулі тысячамі.
«Войскі ўводзіліся ў бой з неабучаным папаўненнем, якое складала асноўную масу баявых частках. Афіцэрскі склад прымаў адзінкі на хаду і ішоў у бой ня ведаючы сваіх падначаленых, якія таксама не ведалі сваіх афіцэраў», – пісаў начальнік аператыўнага аддзелу штаба 33 арміі Заходняга фронту Іларыён Талканюк.

КОЛЬКАСЦЮ, А НЕ ЗДОЛЬНАСЦЮ

Аказалася, што Чырвоная армія, баяздольнасць якой хоць і вырасла за два з паловай гады вайны, не можа весці вялікія наступальныя аперацыі нават супраць аслабленага вермахта без вялікай колькаснай перавагі.
Так, шмат хто з савецкіх жаўнераў, афіцэры і генералы сталі ваяваць не горш, а можа і лепш за сярэдняга немца, але ў цэлым прафесіяналізм савецкага войска застаўся на значна ніжэйшым узроўні. І чым больш, чым складаней была аперацыя, тым больш гармат, пяхоты, танкаў, самалётаў мусіла прыходзіцца на аднаго нямецкага пехацінца, танк і самалёт.

Гэтая «памылка» была выпраўленая пры падрыхтоўцы аперацыі «Баграціён», якая мусіла выканаць тое, на што аказаўся няздольны «Сувораў».

[vc_single_image image=”11″ img_size=”large”]

Вясной 1944 году былі зноў утвораныя аж 3 «Беларускіх» фронту. І кожны з іх накапіў з красавіка да канца чэрвеня агромныя сілы.

У выніку на пачатак савецкага наступлення 5675 савецкім самалётам (у тым ліку 2500 знішчальнікаў) супрацьстаялі 600 нямецкіх (з іх толькі 60 знішчальнікаў), 4000 савецкім танкам – 530 нямецкіх, 2,6 млн савецкіх жаўнераў – 900.000 нямецкіх. Па артылерыі перавага была ў 4 разы – 36.000 гармат і мінамётаў супраць 9.000.

Нямецкая група войскаў «Цэнтр» была разбітая і адступіла ў Польшчу і Усходнюю Прусію, згубіўшы да 450.000 чалавек забітымі, параненымі, палоннымі і зніклымі без вестак. Характэрна, што савецкія незваротныя страты нават пры гэткіх суадносінах сіл і ў умовах нямецкага разгрому былі ненашмат меншымі – да 200.000 забітымі і да 600.000 параненымі.

«СВЯТОЧНЫ» АБСУРД

Такім чынам у 1944 годзе ажыццявіліся тыя планы савецкага кіраўніцтва па захопу Беларусі, якія праваліся ў 1943 годзе – праваліліся найперш з-за недаацэнкі праціўніка і пераацэнкі ўласных сіл.

З 1997 году афіцыйныя ўлады Беларусі святкуюць Дзень незалежнасці краіны 3 ліпеня – у дзень, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Менск у 1944 годзе.

Парадаксальным чынам атрымліваецца, што не дзеянні беларусаў, а менавіта ўпартасць нямецкай абароны і недахопы савецкага камандавання вызначылі той дзень, які афіцыйна зараз лічыцца галоўным дзяржаўным святам Беларусі.

Але яшчэ больш здзіўляе, што пераход сучаснай сталіцы Беларусі з-пад акупацыі адной чужой арміі ў рукі іншай, якая ў 1918 годзе як раз і задушыла спробу стварэння незалежнай беларускай дзяржаўнасці, хтосьці лічыць сімвалам самастойнасці Беларусі.

Сапраўды неверагодны сцэнар і для Сталіна, і для савецкіх военачальнікаў, якія і ў жахлівых (бо згадкі пра такія сны і да Лубянкі маглі давесці) снах не мроілі, што ваююць «за беларускую незалежнасць», вяртаючы Беларусь пад татальны кантроль сталінскага СССР.

Больш за тое, як сведчыць гісторыя, Беларусь атрымала шанец на незалежнасць і пабудавала сваю самастойную дзяржаву менавіта дзякуючы поўнай ліквідацыі СССР. А вось для гэтага многія беларусы як раз доўга і цяжка працавалі і змагаліся больш за 70 год. І ў выніку перамаглі.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў