Пратэст у Лунінцы. Затрыманы актывіст Аляксандар Неўдах


Тут і далей: фота media-polesye.by

У Лунінцы людзі прыйшлі на плошчу, але іх было няшмат. Быў затрыманы і змешчаны пад варту мясцовы актывіст Аляксандар Неўдах.

18 сакавіка на цэнтральнай плошчы гораду сабралася каля 20 чалавек, яшчэ некалькі дзясяткаў лунінчан назіралі за падзеяй здалёк.

Як паведамляе media-polesye.by, людзі даведаліся аб сходзе праз сацсеткі, аднак ні арганізатараў, ні актывістаў апазіцыі бачна не было, таму людзі проста распавядалі адзін аднаму аб набалелым.
Па перыметры плошчы, у дварах і пад’ездах дамоў, было шмат міліцыі. Таксама ў Лунінец прыехаў аўтазак з некалькімі дзясяткамі амапаўцаў.

Па інфармацыі лунінчан, мясцовыя ўлады тэрмінова перанеслі таварыскі футбольны матч паміж ФК Граніт (Мікашэвічы) і ФК Хваля (Пінск), які павінен быў адбыцца а 12.00 гадзіне. Сустрэча адбылася ў Пінску, што вельмі абурыла заўзятараў.

Лунінецкія вертыкальшчыкі спрабуюць перавесці магчымыя пратэсты ў іншае рэчышча, і на 22 сакавіка запланавалі сход гараджан у гарадскім Доме культуры. Абяцаюць, што адкажуць на ўсе пытанні лунічан.
Таксама, стала вядома, што мясцовыя актывісты апазіцыі Леанід Дубаносаў у Мікашэвічах, і Віталь Каласюк у Лунінцы былі заблакаваны праваахоўнікамі ў сваіх кватэрах. Некалькі дзён таму яны атрымалі папярэджанне аб адказнасці за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве, таму вырашылі не трапляць у рукі міліцыі.

Затое быў затрыманы іх сябра Аляксандар Неўдах, якога спачатку запрасілі ў мясцовы РАУС для апазнання меркаваных злачынцаў, потым адпусцілі. І, калі ён з РАУСу ішоў па вуліцы, затрымалі ізноў. На канец дня 18 сакавіка Аляксандар Неўдах дахаты не вярнуўся. Паводле словаў ягонай дзяўчыны, Аляксандра змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Глядзіце відэа, знятае падчас акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 у Лунінцы нашымі калегамі з media-polesye.by.

ВМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары