Прараб з Берасця: высекчы дрэвы дазволіў Лукашэнка!


Прыгожыя магутныя таполі ўздоўж аўтамабільнай дарогі – цяпер гісторыя. Ахвярамі пашырэння праезнай часткі праспекту Машэрава ў Берасці сталі дрэвы – іх давялося высекчы.

«Вядома, шкада, садзілі, а тут жа пілуем», – кажа працоўны, які пілуе дрэвы.

Мясцовыя жыхары абураюцца.

«Прыгожа, калі горад зялёны. А калі ён проста каменны – гэта каменныя джунглі, гэта непрыгожа і няўтульна», – упэўненая, міначка.

bierascie2

«Тое, што спілавалі без запыту – гэта, вядома, няслушна. Гэта ўсё трэба рабіць законна, праўда?», – зазначае малады берасцеец.

Да слова пра закон. Загад спілаваць гэтыя дрэвы паступіў з самага верху.

Белсат: Якая арганізацыя дала дазвол на пілаванне дрэваў?

Прараб: Прэзідэнт!

Гэта ўказ Лукашэнкі № 178, паводле якога будзе пабудаваны «Заходні абыход Берасця», што дазволіць разгрузіць дарогу. Ездзіць, можа, і будзе прасцей, але дыхаць лягчэй не стане.

«За што мы ратуем – па-першае, кампенсацыйныя высадкі, якія абяцаюцца. Каб улічвалі не іх фактычную пасадку, а іх прыжывальнасць. Часта бывае так, што ў кампенсацыі высаджваюць, але ўся алея можа засохнуць, а гэта ўжо нікога не будзе цікавіць», – тлумачыць эколаг Аляксей Купракоў, рэдактар сайту «Берасцейскі зялёны партал».

Але ці будзе тая кампенсацыя? Галоўны ландшафтны архітэктар гораду тлумачыць: праект «Заходняга абыходу» абмяркоўвалі яшчэ чатыры гады таму, а пра высяканне дрэваў асобна дыскутаваць ніхто не будзе. Ды і жыхарам варта пачаць з сябе, маўляў, занадта шмат маюць аўтамабіляў.

«Берасце ўжо даўно вырас са свайго дзіцячага адзення. Вуліцы пашыраюцца, натуральна, узнікаюць страты», – упэўнівае Тамара Пархамчук, галоўны ландшафтны архітэктар Берасця.

«У нас таполі, якія растуць па паўднёвым баку вуліцы, растуць на двух высакавольтных кабелях. Разумееце, што можа быць у выпадку падзення аднаго дрэва? З левага боку нічога не будзе, у нас вуліца падыходзіць пад забор ТЭЦ», – дадае Тамара Пархамчук.

Эколаг Аляксей Купракоў кажа: акурат таполі кепска ўплываюць на глебу і выклікаюць алергію. Што ж да пасадкі новых дрэваў, то пачынаць гэта рабіць трэба як мага раней.

«Да моманту зносу дрэваў каб маладое пакаленне ўжо падрастала. І не было гэтага шоку. Як гэта цяпер насупраць новага корпусу ўніверсітэту Пушкінскага ліпавая алея пры пашырэнні дарогі яна ўся пойдзе пад знос», – распавядае Аляксей Купракоў.

Адметна, што мемарыяльную алею герояў уздоўж праспекту таксама дэмантуюць. Але пасля рэстаўрацыі абавязкова вернуць ці знойдуць для яе новае месца.

Ганна Любакова, «Белсат», фота – realbrest.by

Стужка навінаў