Прадказальны прысуд: кнігарню «ЛогвінаЎ» аштрафавалі на 1 млрд рублёў


Эканамічны суд Менску абавязаў Ірага Логвінава выплаціць 30 базавых велічыняў (5 млн 400 тыс. рублёў), а таксама канфіскаваць выручку на суму 961 млн 251 тыс. 353 рублі.

Паводле прэс-сакратара БАЖ Барыса Гарэцкага, Ігар Логвінаў збіраецца абскарджваць прысуд. У адваротным выпадку пачнецца працэдура банкруцтва. На абскарджанне суду ў выдаўца ёсць 10 дзён.

На слуханне зноў не пусцілі большасць журналістаў. Прадстаўнік «Белсату» у Беларусі Міхась Янчук кажа, што суддзя Сяргей Кулакоўскі пасля заканчэння разгляду справы папрасіў 20 прысутных прадстаўнікоў прэсы і публікі пакінуць залю. У якасці прычыны такой просьбы назваў… «падрыхтоўкі рэзалютыўнай часткі прысуду».

Калі праз 5 хвілін усіх зноў запрасілі ў залю, спадар Кулакоўскі зачытаў прысуд з надрукаванага на прынтары аркушу фармату А4, больш чым на тры чвэрці запоўненага сціслым юрыдычным тэкстам.

«Суддзя паставіў два рэкорды: па хуткасці напісання рэзалютыўнай часткі прысуду (амаль старонка прысуду ў пяць хвілін) – і ў напісанні рукапіснага тэксту ў зачыненай залі без кампутара і прынтару – так, што яго не адрозніць ад надрукаванага на прынтары», – кажа Міхась Янчук.

На пачатку снежня ў кнігарні «ЛогвінаЎ» адыблася пазапланавая праверка падаткавікоў. У выніку Мінінфарм нібыта выявіў шэраг парушэнняў і аштрафаваў кнігарню на 1 мільярд рублёў – гэта гадавая выручка кнігарні, якую залічылі за незаконны прыбытак, таму што кнігі прадавалі без адпаведнай ліцэнзіі.

Раней Ігар Логвінаў паведаміў журналістам, што ад 1 студзеня ў памяшканні кнігарні працуе ўжо іншая юрыдычная асоба: гэта адзіная магчымасць працягнуць працу пад старым адрасам.

Стужка навінаў