Прадавачкі вясковай крамы ўзялі крэдыт, каб расплаціцца за нястачу


Галіна Анохава і Марына Марынчына ўжо звольненыя, але працягваюць сплочваць банкаўскі крэдыт. Фота – Гомельская вясна

Жанчыны адпрацавалі ў краме ўсяго па тры месяцы.

Прадавачкі сельскай крамы ў вёсцы Цагельня Галіна Анохава і Марына Марынчына звярнуліся ў незалежны прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) па юрыдычную дапамогу. Яны кажуць, што іхны наймальнік (Церухскі філіял Гомельскага райспажыўсаюза) прымусіў іх узяць у крэдыт дзве лядоўні і тэлевізар і пакінуць бытавую тэхніку ў краме ў кошт пагашэння нястачы.

То бок, жанчыны за тры месяцы нагандлявалі сабе ў страту на Br 5100. Прадавачкі перакананыя, што іх віны няма і маюць намер адстойваць свае інтарэсы ў судзе.

«Нашая віна толькі ў тым, што мы пайшлі на повадзе свайго кіраўніцтва, якое нават даведкі для банкаўскіх крэдытаў сфальсіфікавала, павялічыўшы ў два разы памер нашага заробку», – кажа Галіна Анохава.

Пасля таго, як прадавачкі згасілі нястачу таварам, іх звольнілі, піша «Гомельская вясна». А яны дагэтуль працягваюць сплочваць крэдыт банку.

«Нас звольнілі па пагадненні бакоў, хоць да гэтага артыкулам палохалі. Мы звольніліся яшчэ 31 ліпеня, а райпо да сённяшняга дня не разлічылася з намі па ліпеньскай зарплаце і не кампенсавала нявыкарыстаныя дні працоўных адпачынкаў», – скардзіцца прафсаюзу Марына Марынчына.

З дапамогай прафсаюзу РЭП жанчыны ўжо падалі супраць пазоў райпо, у якім просяць спагнаць канчатковы разлік пры звальненні, сярэдні заробак за пратэрміноўку выплаты канчатковага разліку і аддаць ім лядоўні і тэлевізар.

Прававы інспектар працы прафсаюзу Леанід Судаленка кажа, што паседжанне суда Савецкага раёну Гомля па пазове прызначанае на 19 верасня.

ДД

Глядзі таксама
Каментары