Працаўнік «Сюань Юань»: Нам не аддаюць дакументаў, каб з’ехаць дадому


Ужо другі дзень кітайскія рабочыя прадпрыемства «Сюань Юань» ў Добрушы часткова байкатуюць працу. Нягледзячы на заявы кіраўніцтва кампаніі, што сітуацыя нібыта ўрэгуляваная, пратэст у выглядзе адмовы ад працы працягваецца, перадаюць нашыя гомельскія карэспандэнты.

Працаўнік «Сюань Юань»: «Мы хочам дадому. Кітайская кіроўная кампанія не аддае нам дакументаў, каб з’ехаць дадому».

Сам Добруш нагадвае асаджаны горад. Заўважна вялікая прысутнасць міліцыі і аўтазакі. Вядома таксама, што галава канцэрну «Беллесбумпром» Юры Назараў разам з намеснікам старшыні адміністрацыі прэзідэнта Нікалаем Снапковым прыехалі ў горад, каб пазнаёміцца з сітуацыяй беспасярэдне на месцы.

Пратэст кітайскіх рабочых пачаўся ў чацвер, калі каля 300 асобаў пешкі рушылі з Добрушу ў Гомель. Будаўнікі, якія займаліся ўзвядзеннем новага корпусу папяровай фабрыкі, запатрабавалі выплаты запазычанасці заробку за 3 месяцы. Пасля перамоў з кіраўніцтвам прадпрыемства і амбасадарам Кітаю будаўнікі вярнуліся ў Добруш, адмовіўшыся ад ідэі ісці маршам да Менску.

belsat.eu

Стужка навінаў