Польшча ўзгадвае, як 35 гадоў таму камуністы ўвялі ваеннае становішча


Фота Крыса Нідэнтала (Chris Niedenthal)

35 гадоў таму, у ноч на 13 снежня 1981 года, камуністычныя ўлады Польшчы вывелі на вуліцы вайсковую тэхніку і жаўнераў.

Генерал Войцех Ярузэльскі, які выконваў функцыі міністра абароны, 1-га сакратара кіроўнай Польскай аб’яднанай рабочай партыі і прэм’ер-міністра, увёў ваеннае становішча, каб сілай змусіць дэмакратычную апазіцыю адмовіцца ад палітычнага супрацьстаяння на фоне эканамічнага крызісу.

Ноччу 13 снежня ўлады вывелі на вуліцы польскіх гарадоў войскі, зʼявіліся танкі і бронетранспарцёры. Тэлефонная сувязь у краіне была цалкам адключаная. Усе страйкі ў краіне былі забароненыя. Па тэлебачанні транслявалася заява генерала Ярузэльскага пра тое, што «трэба звязаць рукі авантурнікам, перш чым яны кінуць Айчыну ў бездань братазабойчай вайны».

У першыя дні былі затрыманыя каля 3 тысяч дэмакратычных актывістаў, якіх скіравалі ў цэнтры інтэрнавання. Наагул жа каля 10 тысяч чалавек зведалі рэпрэсіі ў выглядзе пазбаўлення волі. Дзясяткі чалавек загінулі падчас сілавых разгонаў дэманстрацыяў.

Ключавую ролю ў перадухіленні эскалацыі канфлікту з абодвух бакоў меў Каталіцкі касцёл.

У канчатковым рахунку ваеннае становішча не вырашыла праблемаў, якія стаялі перад краінай, і не спрыялі пераадоленню сацыяльна-палітычнага і эканамічнага крызісу.

Адным з сімвалаў ваеннага становішча ў Польшчы стаў здымак брытанскага фатографа з польскімі каранямі Крыса Нідэнтала (Chris Niedenthal). Фатограф зняў 14 снежня 1981 года, у другі дзень ваеннага становішча, вайсковы бронетранспарцёр каля варшаўскага кінатэатру «Масква». Тады там паказвалі фільм Фрэнсіса Форда Копалы (Francis Ford Coppola) «Час Апакаліпсіса».

Сам генерал Ярузэльскі часта выказваўся пра тое, што ўвядзенне ваеннага становішча ў краіне было «найменшым злом», бо ў адваротным выпадку краіне пагражаў увод савецкіх войскаў.

Ваеннае становішча трывала ў Польшчы да ліпеня 1983 года.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары