«А Плошча – будзе!»


Яшчэ адно пытанне, якое беларусы традыцыйна адрасуюць уладам: дзе грошы? Да выбараў менш за месяц, а кішэні ўсё лягчэйшыя. Паводле звестак Белстату, рэальныя даходы беларусаў упалі за першыя 7 месяцаў года больш як на 5 адсоткаў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Тым часам дзейны кіраўнік краіны і кандыдат на пасаду прэзідэнта Аляксандр Лукашэнка прэзентаваў сваю перадвыбарчую праграму.

Хто найлепш ведае жаданні народу, як ні кіраўнік дзяржавы? І хто, як ні ён, мае іх выконваць? Статыстыка за ліпень, аднак, сведчыць зусім пра іншае. Рэальныя прыбыткі беларусаў упалі больш як на 5 %.

«Людзі сталі больш працаваць, а зарабляць менш. А тое, што сёння назваў Белстат, калі б Белстат назваў гэта ў доларавым эквіваленце, то людзі згубілі нашмат больш, чым гэтыя 5 адсоткаў», – гаворыць старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Федыніч.

Урок падліку долараў варта ўзяць у таго ж кіраўніка краіны. Наступным чынам ён тлумачыў карысць ад нефіксаванага курсу рубля для насельніцтва старшыні Нацбанку Паўлу Калауру:

«Вось ёсць столькі долараў, у насельніцтва ёсць жаданне купіць вось столькі долараў, ну і адпаведна атрымліваецца цана гэтага долара».

Карыстаючыся тым жа метадам, можна падлічыць, што сёлета на сярэдні заробак беларусы маглі купіць вось столькі долараў, а летась – столькі.

Шчодрую порцыю абяцанняў пра добрае жыццё Лукашэнка падрыхтаваў і на гэтыя выбары.

У свой пяты тэрмін дзейны кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, абяцае ўмацаванне даверу да беларускага рубля, устойлівы рост золатавалютных рэзерваў, меншую інфляцыю ды скарачэнне вонкавай пазыкі. Але… ані слова – пра рост заробкаў.

«Сёння ўжо ніхто не кажа 500 долараў. Праўда? Хоць паўсюль гэта прамаўлялася шмат разоў на самым высокім ўзроўні. Гаворка ідзе зараз пра тое, як захаваць па мінімуму праз выдачу заработнай платы, каб людзі не пайшлі, мякка кажучы, на плошчу. А плошча будзе!» – сцвярджае былы кандыдат на прэзідэнта Віктар Цярэшчанка.

Эксперты, аднак, у адзін голас заяўляць: падзеі ва Украіне стрымаюць большую частку выбарнікаў ад удзелу ў пратэсце на Плошчы. І менавіта гэтая карта, падобна, стане галоўным козырам Лукашэнкі на гэтых выбарах.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў