Першая ў Беларусі царква, энергія якой – божы дар

video

У Горадні дзее адзіная ў краіне лютэранская кірха. А цяпер яшчэ яна стала і адзінаю царквою ў Беларусі, якая атрымлівае энергію ад сонца. Пастар кірхі запэўнівае, што гэтая энергія – самы сапраўдны божы дар. А таму ён невычарпальны.

Кірху ў Горадні пабудавалі ў 19 стагоддзі для мясцовых немцаў-пратэстантаў. Пасля Другой сусветнай вайны савецкая ўлада выкарыстоўвала яе пад архіў. У гады незалежнасці будынак вярнулі вернікам. Але доўга не знаходзіліся грошы на рамонт. Цяпер жа гэта адзін з найбольш якасна адноўленых помнікаў архітэктуры Горадні. Ідэю ўсталяваць на бажніцы сонечныя батарэі падгледзелі ў Нямеччыне. 2 гады збіралі ахвяраванні на рэалізацыю праекту.

«Зараз мы паглядзім, ці магчыма сонечныя батарэі выкарыстоўваць на поўную магутнасць у нашых кліматычных умовах, у Горадні. Калі гэта будзе магчыма, то мы пашырым выкарыстанне сонечных батарэй і за іх кошт зробім падсвет кірхі», – распавядае пастар Уладзімір Татарнікаў.

Падлічана: выдаткі на набыццё і ўсталяванне батарэяў акупяцца праз 3 гады. А працаваць абсталяванне можа нават у хмарнае надворʼе. Цяпер батарэі дазваляюць браць ад сонца 60 адсоткаў патрэбнай святыні энергіі.

«Спадзяюся, што з нас возьмуць прыклад і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесяў. Гэта выгадна. А зэканомленыя грошы можна накіроўваць, напрыклад, на дабрачыннасць», – кажа пастар Уладзімір Татарнікаў.

Батарэі ўсталявалі не на бажніцы, а на доме пастара. Кірха – гэта помнік архітэктуры, і любыя змены ў яе абліччы адсочваюцца Міністэрствам культуры ды гарадскімі ўладамі.

«Сонечная энергія можа выкарыстоўвацца бясконца, яна невычарпальная», – запэўнівае інжынер Ірына Новак.

Сонечныя батарэі стаяць на чатырохсот будынках у Беларусі. Гэтае ноу-хау ў нас толькі пачынае прыжывацца. Бо большасці яшчэ не па кішэні, а дзяржава не стымулюе такой ініцыятывы грамадзянаў.

Максім Кот, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары