Першая ў Беларусі «Гарбатная школа» запрашае на майстар-класы


Віталь Мацукевіч

Пасля вяртання ў Беларусь Віталь Мацукевіч доўга шукаў працу, але ў выніку вырашыў ператварыць сваё хобі ў прафесійную дзейнасць. Цікавіцца гарбатай ён пачаў некалькі гадоў таму, калі жыў у Маскве, дзе і пазнаёміўся з колам «гарбатнікаў». У ліпені мінулага года Віталь адчыніў у Горадні першую ў Беларусі сапраўдную школу гарбатнай цырымоніі. З таго часу кожную нядзелю ўсе ахвотныя могуць наведаць майстар-клас і даведацца, як правільна запарваць гэты, на першы погляд, такі звыклы для беларусаў напой.

«Заварванне гарбаты – гэта такая рэч, якой трэба навучыцца. Кожную, нават самую лепшую гарбату можна лёгка сапсаваць заваркай. Адзін са спосабаў – заварванне пралівамі, для яго патрэбны адмысловы кубак з вечкай», – распавядае Віталь.

А пасля дадае, што кожная гарбата патрабуе сваёй тэмпературы:

«На пачатку гарбату трэба «абудзіць». Заліць лісце гарачай вадой і зліць яе адразу. Пасля лістота пачынае лепш распускацца і даваць смак. Пасля ізноў заліваецца вадой, але гэтую гарбату мы ўжо зліваем у імбрык для будучага спажывання. Пралівы могуць працягвацца ад 10 да 30 секундаў, усё залежыць ад гатунку гарбаты. У сярэднім робіцца па 7-10 праліваў».

Што цікава, кітайцы, якія падаравалі свету гэты напой, больш дэмакратычныя ў гарбатнай цырымоніі, чым японцы, для якіх важна, каб была правільная гарбата, правільная вада і правільны посуд. Лічыцца, што самая лепшая гарбата павінна мець уздзеянне гарбаты і смак вады, распавядае знаўца гарбатных цырымоніяў.

Старэйшая за Хрыста і даражэйшая за опіум

Пяць тысяч гадоў налічвае гісторыя спажывання лістоў гарбаты, а самаму старому дрэву гарбаты, якое ведае чалавецтва, ужо споўнілася 3200 гадоў і расце яно ў правінцыі Юньнань у Кітаі. Як паспавядае, спадар Віталь, ёсць дзве старажытныя культуры гадоўлі гарбатных садоў, дравесная і хмызняковая. Хаця хмызняком такія расліны, што ўжываюцца для вытворчасці гарбаты, назваць цяжка, бо дасягаюць яны 9 метраў вышыні.

«У Еўропе гарбата прыжывалася не адразу. Болей распаўсюджанай была кава. Прывозіць у Заходнюю Еўропу гарбату пачалі з паловы XVII ст. і ажно да ХІХ ст. яе набывалі непасрэдна ў Кітаі. Пры гэтым, калі ў ангельцаў скончыліся грошы, яны пачалі выменьваць гарбату на опіум», – распавядае настаўнік «Гарбатнай школы» пра пачатак опіумнай вайны супраць Кітаю.

Пасля гэтай вайны, як сцвярджаюць чуткі, нейкі манах скраў саджанцы і гарбату акультурылі ў Індыі. Лічыцца, што ў Расею гарбата трапіла вельмі даўно, яшчэ ў часы мангола-татарскага ярма.

«Гарбата» ці «чай»?

На беларускія землі гарбата прыходзіла як з Захаду, так і з Усходу. На пачатку арыстакратычныя сармацкія колы спажывалі яе ў захапленні ангельскай культурай. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай гарбату пачалі прывозіць з глыбінь Расейскай імперыі і каштавала яна нашмат даражэй, чым на Захадзе.

Папулярнасцю гэты напой пачаў карыстацца ў 30-х гадах ХІХ ст. аднак пры гэтым патрыятычная шляхта лічыла яе «здрадніцкім напоем», і спажыванне гарбаты прыпісвалася да «прыстасавальніцтва» і нацыянальнай здрады. Сялянскае насельніцтва зрэдку магло дазволіць сабе гэты трунак, з прычыны дарагавізны не толькі гарбаты, але і цукру.

Аднак паступова звычай пашыраўся і ў выніку стаў неадемнай часткай жыцця амаль кожнага беларуса.

Пры гэтым над больш зручнай для беларусаў назвай могуць спакойна паспрачацца беларускія філолагі і мовазнаўцы. Слова «гарбата» прыйшло да нас з Польшчы, а паходзіць яно ад лацінскага «herba thea», дзе першая частка словазлучэння азначае проста «зёлкі». «Чай» – слова кітайскай мовы, аднак падобная па гучанні форма замацавалася ў мовах шмат якіх народаў, напрыклад, у таджыкскай, узбекскай, казахскай, мангольскай і турэцкай. Сярод іншых гэтую форму выкарыстоўваюць у албанскай, балгарскай, баснійскай, румынскай, славацкай, чэшскай і ўкраінскай мовах.

«Гарбатная школа» у Горадні запрашае кожную нядзелю на дэгустацыю сапраўднай кітайскай гарбаты і майстар-клас па чайнай цырымоніі ў бары «Куба» а 15-й гадзіне. Кошт увахода – 6 рублёў.

Глядзіце таксама:

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў